30 кастрычніка Маладзечанская дзіцячая школа мастацтваў адсвяткавала 65-годдзе.

Урачыстае мерапрыемства падзялілі на дзве часткі. Падчас першай уручылі ганаровыя граматы настаўнікам школы. Падчас другой на сцэне Палаца культуры выступілі творчыя калектывы: народны ансамбль “Анлібітун”, аркестр “Сувенір”, ансамбль “Усмешка” і “Тэксайд”, хор “Журавачка” і “Светлячок”, аркестар тэмбравых баянаў.

Пачаў мерапрыемства дырэктар Уладзімір Яцыновіч:

– У жыцці радаснае заўсёды ходзіць побач з самотным, – з сумам заўважыў ён. – Напярэдадні ўрачыстасці памёр адзін з лепшых выкладчыкаў нашай школы – Міхаіл Таўгень. Мы доўга сумняваліся, ці праводзіць мерапрыемства, раіліся з калегамі, сваякамі Міхаіла Аляксандравіча. Аднак прыйшлі да высновы, што лепшым помнікам для яго стане помнік у гуках, у музыцы.

Усе прысутныя ўшанавалі яго памяць хвілінай маўчання. 

Да юбілею пачалі рыхтавацца вясной

Павіншаваць з 65-годдзем дзіцячую школу мастацтваў прыехалі калегі з Мядзела, Вілейкі, Заслаўя, Браслава.

Госці крэатыўна падышлі да віншавання, напрыклад, выкарыстоўвалі ноты: “До. ДОстойных зарплат”, “Чаще ДОставлять нам радость”, “Мі. Радзей жыць у МІноры і часцей у мажоры і МІльённых заробкаў”.

Юбілейныя мерапрыемствы да 65-годдзя пачаліся вясной. Тады прайшлі сустрэчы з выпускнікамі школы мастацтваў. Да друку падрыхтавалі буклет.