Аляксей – шматразовы чэмпіён свету па тайскім боксе, двойчы станавіўся лепшым у свеце па кікбоксінгу. Жыве ў Мала­дзечне, разам з жонкай Таццянай выхоўваюць двухгадовую дачку Сцешу, будуе спартыўны рынг і займаецца маржаваннем.

Фотагалерэя ўверсе справа. Націніце на здымак, каб павялічыць яго.

Аляксею Кудзіну 29 гадоў. Нарадзіўся ў Маладзечне. Ён сярэдні сын у сям’і. Як прызнаецца сам, сям’я да спорту не мае ніякага дачынення. У Маладзечне скончыў сярэднюю школу №2. З сямі гадоў пайшоў у плаванне, займаўся ў трэнажорнай зале, спрабаваў сябе ў грэка-рымскай барацьбе.

У 9 класе ў рукапашны бой Аляксея прывяла… аднакласніца.

– Яна была спартсменкай. Прывяла мяне да трэнера Алега Антонавіча Пятровіча, я паспрабаваў і застаўся ў спорце назаўжды.

Я не памятаю, хто адправіў мяне ў накдаўн

Пра ўзнагароды Аляксея Кудзіна аднойчы напісалі, што калі іх павесіць на шыю дзесяці сланам – жывёлы не вытрымаюць.

– Гэта сапраўды так, – сціпла адказвае Аляксей. – Усе ўзнагароды, медалі, паясы захоўваюцца ў маёй мамы дома. Яна іх нікуды не перадае, сама стварае мой музей.

Свой першы чэмпіянат свету па тайскім боксе Аляксей Кудзін выйграў у Тайландзе ў 2006 годзе. Пасля гэтага неаднаразова станавіўся лепшым з лепшых.

Рост Аляксея 188 см, вага – 106 кілаграмаў.

– Сёлета мне спаўняецца 30 год, самы час перахо­дзіць з аматараў у прафесіяналы. Для сябе вырашыў, што вышэй за галаву не скочыш. Што хацеў – ужо даказаў. Трэба даць дарогу маладым. А то перамагаць 11 год запар – гэта неяк бессаромна.

Сярод маладзечанскіх байцоў Аляксей называе імёны 24-гадовага Сяргея Фалея і 18-гадовага Пятра Бірко. У гэтых спартсменаў, па словах Кудзіна, вялікая будучыня.

– Паражэнні свае памятаеце?

– Паражэнне накдаўнам – сітуацыя, пры якой баец, збіты з ног ударам, можа цягам 10 секунд падняцца і працягваць бой – было ў маёй кар’еры двойчы. Першы раз на чэмпіянаце свету ў 2008 годзе. Быў бой супраць спартсмена з Казахстана. Тады ад яго няслабы ўдар злавіў. А другі нак­даўн чамусьці не запомніў. Ён быў, але калі і ад каго, не памятаю. Для мяне важна ўзяць рэванш. Дарэчы, з тым казахам мы сустрэліся ў 2011 годзе. Пасля першага раўнда ён не змог прадаўжаць бой. Так што мы квіты.

– Адзінаборствы – гэта траўматычны від спорту?

– Траўмы здараюцца. Часцей за ўсё гэта звязкі, траўмы калена. У мяне за два тыдні да бою здарылася абсалютна недарэчная траўма. На трэніроўцы, калі падымаўся з мата, сам зачапіўся галавой за самарэз, які быў укручаны ў сцяну. Як вынік  – чатыры швы на галаве.

– У штодзённым жыцці здаралася вырашаць пытанні сілай?

– Не, максімум пальчыкам прыстрашыць. Я персона публічная, заслужаны майстар спорту Беларусі. Інструктар па спартыўных пытаннях у Міністэрстве спорту і турызму. Таму не магу сабе дазволіць без разбору махаць кулакамі. 

– А публічную персону на вуліцах пазнаюць?

– У Маскве ці Піцеры немагчыма спакойна на спаборніцтвах знаходзіцца. Многа хто ведае, просяць аўтографы і сфатаграфавацца. У Сургуце, калі біўся апошні раз, давялося рабіць цэлую аўтографсесію. А ў Беларусі не. Амаль ніхто не ведае.

– Чаму так?

– Для Беларусі гэты спорт вельмі малады. Толькі гады 1,5 – 2 назад перастаў быць паўлегальным. Таму яшчэ ўсё наперадзе.

Больш за ўсё чакаю рэваншу з Сяргеем  Харытонавым

Аляксей Кудзін удзель­нічае ў тэлевізійным шоу “M-1 FIGHTER” як трэнер. Здымкі праходзяць у санаторыі пад Дзяржынскам. Па задуме шоу, у ім удзельнічаюць байцы дзвюх камандаў – чырвонай і чорнай. Чырвоных трэніруе Аляксей, чорных – амерыканскі баец Кені Гарнер. Фінальны бой трэнераў адбудзецца на Мінск-арэне 22 лістапада.

Але больш за ўсё ён чакае бою-рэваншу з расійскім спартсменам Сяргеем Харытонавым. Нагадаем, што скандальны паядынак з удзелам гэтых байцоў адбыўся 16 лістапада 2013 года. Рэферы спыніў бой і зафіксаваў перамогу Харытонава, таму што ў Кудзіна выпала капа.

Аднак каманда беларускага байца падала пратэст на рашэнне суддзі. Па словах Аляксея, тады рэферы ўставіў капу няправільным бокам. Праз памылку суддзі бой быў несправядліва спынены.

Ён павінны адбыцца ў пачатку наступнага года.

На харчаванне выдаткоўваю 1000 долараў у месяц

Аляксей Кудзін наведаў каля 60 краін. Але жыве па-ранейшаму ў Маладзечне. Хаця прызнаецца, што ў планах збіраецца з’ехаць на нейкі тэрмін пажыць і патрэніравацца за мяжой. Хутчэй за ўсё, у нейкаю еўрапейскую краіну.

Самы кароткі бой Аляксея доўжыўся 6 секунд. Столькі часу хапіла байцу з Беларусі на спаборніцтвах у Малдове ў 2011 годзе, каб накаўтаваць спартсмена з Польшчы. Хаця той быў цяжэйшы за Аляксея на 30 кілаграмаў.

– Колькі вы зарабляеце, калі не сакрэт?

– Заробак байца ММА залежыць ад колькасці перамог, ад рангу спартсмена, ад рангу саперніка.

На сёння я, бадай што, самы высокааплатны спартсмен ММА у Беларусі.

Шмат грошай выдаткоўваецца на медыцынскае абслугоўванне і на харчаванне. На месяц толькі на ежу ідзе каля 1000 долараў.

 

Першы час жонка адпраўляла на абед да мамы

– Жонка не скардзіцца на тое, што ёй даводзіцца шмат гатаваць?

– Першы час, калі толькі ажаніліся, яна жартавала: “Слухай, схадзі ты сёння паабедай да мамы”. А потым нічога, уцягнулася. Я заўважыў, што паступова з кухні сталі знікаць маленькія каструлі. Засталіся на літраў 5-7.

А мама Аляксея прывыкла гатаваць вялікімі порцыямі. Аляксей выхоўваўся ў шматдзетнай сям’і. Бацька і два браты, як прызнаецца Аляксей, таксама не маленькія. Браты Аляксея жывуць у Маладзечне, але са спортам жыццё не звязалі.

– Маёй дачцэ хутка будзе два годзікі. Неяк не было з кім яе пакінуць, узяў на трэніроўку. Яна стаяла ўсе паўгадзіны, пакуль я біўся, у позе “рукі ў бокі”, уважліва назірала. Дакладна, бу­дзе спартсменкай.

Аляксей прызнаўся, што ў сілавых відах спорту дачку бачыць не хацеў бы. Яму больш даспадобы жаночыя віды спорту: гімнастыка, тэніс, плаванне.

– Чым займаецца шматразовы чэмпіён свету па-за рынгам?

– Дапамагаю бацькам будаваць дом, гараж. Магу прыгожа пакласці плітку. Цяпер шмат часу адбірае новая спартыўная зала. Мы з трэнерам Алегам Пятровічам былі ў Амерыцы, падгледзелі, як робяць такія залы там, прывезлі ідэю сюды.

Яшчэ тыдні два – і ў Маладзечне пачне працаваць унікальны рынг-клетка, аналагаў якому не будзе ва ўсёй краіне.

А ў вольны час быў такі момант у жыцці, калі захапляўся паляваннем. Цяпер фанацею ад нырання ў палонку. Гэта неверагодныя адчуванні – скокнуць у ваду, калі на вуліцы мінус 30!

На пытанне, ці ёсць у яго якія-небудзь недахопы, Аляксей усміхнуўся і сказаў:

– Я спазняюся часам, але па ўважлівых прычынах, абездакорныя людзі так не робяць.

Звесткі аб заробку амерыканскіх астранаўтаў узятыя з сайта расійскага навукова-папулярнага часопіса Naked Science.