Вырошчваць на працоўным месцы каву і гадаваць мадагаскарскіх прусакоў? Чаму б не, калі за справу бярэцца чалавек, у якога ў руках гарыць любая справа.

Галіна Ахрэм – настаўніца хіміі і біялогіі ў інтэрнаце №2 для дзяцей з парушэннямі зроку.

Акрамя ўрокаў, Галіна Вацлаваўна разам са сваёй памочніцай лабаранткай Ганнай Лескец даглядае за кветкамі, што ўпрыгожваюць як калідоры інтэрната, так і школьную тэрыторыю.

– Кожны дзень я спяшаюся на работу, таму што тут маё хобі, – гаворыць Галіна Ахрэм і адчыняе дзверы ў зімовы сад. – Тут, у жывым куточку, пасяліліся трус, марская свінка Дуся, мадагаскарскія прусакі, чарапашкі і два неразлучныя папугаі-прыгажуны.

Гадаванцы жывога куточка дапамагаюць дзеткам са слабым зрокам пазнаваць навакольны свет.

Бывае, цяжка на словах патлумачыць дзеткам, хто такая марская свінка і чаму некаторыя чарапашкі кусаюцца. А тут можна самім пагла­дзіць жывёлу ці пагля­дзець на чырванавухую чарапашку, якая млява плавае ў акварыуме.

А яшчэ ў зімовым са­дзе Галіна Ахрэм вырошчвае экзатычныя расліны: інжыр, лімоны і… каву.

– А каву ўжо пілі, якую вырасцілі на ўласнай плантацыі? – пытаюся ў гаспадыні аранжарэі.

– Пакуль не, але гады праз тры пачастую.

Калі вы думаеце, што сезон кветак пачынаецца вясной і заканчваецца з надыходам восені, то Галіна Ахрэм пераканала б вас у адваротным.

Да самых маразоў Галіна Ахрэм збірае насенне, накрывае кветкі, каб не змерзлі. Пасля гэтага адразу трэба думаць пра тое, якое насенне вырошчваць на наступны год.

Пачынаючы з лютага падваконні кабінета біялогіі ператвараюцца ў клумбы. Расаду ўсіх кветак настаўніца і лабарант вырошчваюць самі.

Герань, львіны зеў, астры, геленіум, ачытак, дэкаратыўная капуста, каны, розныя духмяныя травы – больш за 30 відаў раслін вырошчваюць Галіна Ахрэм і Ганна Лескец на клумбах інтэрната.

Жанчыны і ў адпачынак імкнуцца хадзіць у розны час, каб не пакідаць надоўга сваю гаспадарку. А калі раптам даводзіцца адсутнічаць ­удзвюх, то пасля вяртання заўсёды чуюць ад калег, што без іх кветкі сумавалі.

– І праўда, – прызнаецца Галіна Ахрэм, – я і сама заўважаю, як пасля расстання кветкі быццам паднімаюць галовы. Становяцца больш зялёнымі і здаровымі. Адчуваюць, што вярнуўся чалавек, які з імі размаўляе і любіць іх.

Каліна – расліна вернасці і нераздзеленай любові

Падчас шпацыру па школьным садзе я запыталася ў сваёй суразмоўцы, ці ёсць у яе любімая кветка або расліна. Галіна Ахрэм адказала, што гэта каліна, і расказала прыгожую легенду.

Калісьці даўно адна дзяўчына моцна закахалася ў хлопца. Ён быў вельмі прыгожы, дужы, разумны. А ён не звяртаў на яе ніякай увагі. Доўга дабівалася ад яго дзяўчына ўзаемнасці. Хадзіла за ім па слядах, сумавала па ім, даравала яму яго няўвагу. І чакала, чакала, чакала яго. І ў адзін дзень, калі чакаць ёй надакучыла, дзяўчына ператварылася ў каліну. Ад таго, што дзяўчына так і не дачакалася ўзаемнасці ад свайго каханага, ягады каліны сталі горкімі як нераздзеленае каханне.

А костачка ў каліны не проста так мае форму сэрцайка. Гэта напамін усім, што каханне бывае не толькі шчаслівым.