Як маладая сям’я размяркоўвае сямейны бюджэт, на што траціць грошы і якім чынам плануе пабудаваць кватэру.

Маладзечанка Ганна Молаш цяпер жыве ў Слоніме, працуе выхавальніцай у дзіцячым садку. Жанчына зацікавілася, за які час маладая сям’я зможа назбіраць на аднапакаёвую кватэру. Палічым разам, прапанавала яна.

– Сапраўды, настаўніца можа назбіраць на аднапакаёўку за пяць з паловай гадоў, калі ўвесь заробак адкладаць на кватэру. Атрымліваецца, што муж павінен зарабляць на яе і на сябе. Куплянне кватэры прыпыніцца, калі народзяцца дзеці.

Абавязковая аплата рахункаў штомесяц: за дзіцячы садок разам з гурткамі Ганна аддае 600 тысяч рублёў. 700 тысяч зацягвае аплата кватэры ў Слоніме, 300 тысяч − камунальныя плацяжы. У суме атрымалі 1 мільён 600 тысяч рублёў.

Ад заробку адразу адкладаюць на кватэру

Ганна ўвесь свой заробак адкладае на кватэру.

Зарплата яе мужа − чатыры мільёны рублёў. Ён працуе ваенным доктарам. На жыццё маладой сям’і з трохгадовай дачкой застаюцца 2 мільёны 400 тысяч рублёў.

Мужчыну даплачваюць за найманне жылля прыблізна 550 тысяч рублёў. Аднак гэтыя грошы сям’я таксама адразу адкладае на жыллё на наступны месяц, а часам і на два наперад.

Жанчына дадае:

– Каб пабудаваць кватэру, трэба спачатку назбіраць 30% яе цаны. А ўжо пасля думаць пра будаўніцтва.

Напрыканцы размовы Ганна адзначыла, што многія скептыкі могуць заўважыць, што з такім заробкам мужа можна добра жыць:

− Але ў кожнага сваё бачанне “добра”. Я, напрыклад, шэсць гадоў нашу дашлюбныя чаравікі.

Нягледзячы на ўсе цяжкасці, Ганна глядзіць у будучыню пазітыўна:

– Бывае цяжка, аднак што зробіш! Мне з мужам ёсць для каго жыць і старацца – для нашай дачушкі Верачкі. Калі разам пераадольваеш цяжкасці, сям’я становіцца мацнейшай. А сумесныя дасягненні прыносяць больш радасці і шчасця.

А як вы размяркоўваеце свой сямейны бюджэт? Падзяліцеся досведам поспеху з чытачамі “РГ”. Альбо вашымі складанасцямі − мы паспрабуем знайсці іх вырашэнне.