“Днепр” стаў адзіным транспартам для мужчыны. Матацыкл не раз дапамагаў па гаспадарцы. Франк не ездзіў на ім у далёкія падарожжы, але наматаў больш за 150 тысяч кіламетраў.
Гаспадар распавёў для Onliner.by, чаму больш чым за 40 год не адправіў матацыкл на звалку ці ў новыя рукі.
− Набываў матацыкл у 1971 годзе новым. Забіраў яго ў Маладзечне і з тых часоў не развітваўся. Быў яшчэ венгерскі Pannonia, але хутка зламаўся. Вунь, дагэтуль у гаражы стаіць. А “Днепр” аказаўся надзвычай надзейным матацыклам, − распавядае Франк.
“Днепр” К-650 знакаміты сваім 2-цыліндравым рухавіком аб’ёмам 65 кубічных сантыметраў. Ён развівае някепскія для сваіх год 32 конскія сілы пры 5200 абаротах каленчатага вала на хвіліну. Каленвал у гэтай мадэлі замянілі літым, а ролікавыя падшыпнікі − укладышамі ад “Масквіча”. Гэта значна павысіла надзейнасць агрэгата.
У той час украінскія “Днепры” нічым не саступалі замежным канкурэнтам.
Большасць дэталяў − родныя. Фота auto.onliner.by.
− Вы б бачылі, што я з гэтым матацыклам вытвараю! Ён жа адзіны транспарт у сям’і, таму ўсё, што трэба перавезці па гаспадарцы, ваджу на ім. Ён у мяне і лесавозам быў, і гной перавозіў. Сена, бульбу з поля, дошкі для будаўніцтва дома. Што заўгодна. Ёсць прычэп. Аднойчы міліцыя спыніла мяне з такім грузам. Паглядзелі, што страхоўка ёсць, тэхагляд прайшоў, усе дакументы ў парадку, і адпусцілі. Папрасілі проста акуратна ездзіці і папярэдзілі, што па правілах перавозіць такія вялікія грузы на матацыкле няможна, − узгадвае гаспадар “Дняпра”.
Франк усё жыццё рамантуе матацыкл сам. А прадаваць не збіраецца:
− Прыязджалі нават дадому, пыталіся. Але я не збіраюся аддаваць матацыцкл. Ён мяне ні разу не падвёў. Я ў ім кожны вінцік ведаю і дакладна ўпэўнены, што выпраўлю любую паломку. Ды і за колькі яго прадасі? Пару соцен долараў? І што я за іх куплю? А без матацыкла мы з жонкай цяпер нікуды. Ён аказаўся незаменным памагатым.
− Вельмі многае звязана з гэтым “Дняпром”, − узгадвае Франк. − Па маладосці ездзілі з сябрамі з дзяўчатамі знаёміцца. Аднойчы ўшасцярых ехалі па вёсцы! Ужо свайго роду сямейная рэліквія. Унук усё пытаецца, калі я яму аддам. Ну як так матацыкл прадаваць?
Пачынаючы ад 1967 года Кіеўскі матацыклетны завод выпусціў больш за тры мільёны матацыклаў. Многія з іх ужо не на хаду, а тыя, што ездзяць, пераходзяць з адных рук у іншыя. Хаця ёсць такія энтузіясты, як Франк, якія яшчэ ў савецкія час купілі новы матацыкл і сталі яго адзіным гаспадаром.
Матацыкл праслужыў гаспадару 43 год. Фота auto.onliner.by.
Украінскі матацыкл не падвёў свайго гаспадара. Фота auto.onliner.by.
Франк ездзіць па Ашмянах на сваім матацыкле. Фота auto.onliner.by.