Насупраць 2-й школы ў Смаргоні ўсталявалі “ляжачы паліцэйскі”. Аднак на форуме горада ўжо з’явіліся каментары абураных мясцовых жыхароў.

– Пры дазволенай хуткасці 40 км/г прытармажваць даводзіцца да 20 км/г, – піша адзін з карыстальнікаў. – Пра дзяржстандарты тут, зразумела, ніхто ніколі не чуў: нашы людзі вытрываюць усё. Тое, што яго ніяк не пазначылі і ў цемры прыходзіцца доўга шукаць – таксама справа звыклая. Цікава іншае: выбар месца. Чаму менавіта за сотню метраў ад пераходу, які рэгулюецца? Езджу там сто гадоў і ні разу не заўважаў, каб тут наогул хтосьці перабягаў дарогу. Тым больш, што з боку школы ёсць агароджа. Які сэнс ў тым, каб менавіта тут крыва пакласці валік з асфальту?

ДАІ: усё па дзяржстандартах

Як патлумачыў старшы дзяржаўтаінспектар Смаргонскага аддзела ДАІ Аляксандр Сілевіч, сам “паліцэйскі” клала ЖКГ, згодна з дзяржстандартамі.

Яго паклалі менавіта ў гэтым месцы, таму што штучныя няроўнасці павінны быць каля кожнай школы. Арыентаваліся на гэтае патрабаванне, а не на пераход. Яшчэ тры гады таму, калі тут рамантавалі дарогу, былыя штучныя няроўнасці знялі, а новыя не паклалі. І калі раней іх было дзве, то цяпер ­– толькі адна.

31 кастрычніка “ляжачы паліцэйскі” пафарбавалі, і ён бачны. Раней не атрымлівалася праз дрэнныя ўмовы надвор’я, тлумачыць старшы дзяржаўтаінспектар.

Знакі абмежавання хуткасці там стаяць.

– Але калі аднаго мала, то няхай людзі звяртаюцца – пакладзём яшчэ адзін, – дадае Аляксандр Сілевіч.

Ці правільна ляжаць “паліцэйскія” ў Маладзечне