Як зменяцца цэны на мяса пасля таго, як пабудуюць свінафермы ў Маладзечанскім раёне. Што думаюць маладзечанцы наконт будаўніцтва. Якая аптымальная адлегласць свінакомплексу ад горада.

Паводле інфармацыі Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі, вытворчасцю свініны займаецца 105 комплексаў. На іх вырабляюць 85% свініны.

Будаўніцтва плануюць пачаць у 2015 годзе

У 2015 годзе ў Маладзечанскім раёне ля вёсак Соўлава і Мойсічы плануюць пачаць будаўніцтва двух свінакомплексаў. Ажыццявіць планы збіраюцца за 18 месяцаў. Распрацоўка дакументацыі запланаваная на 2014-2015 гады.

На сайце Маладзечанскага райвыканкама можна пабачыць тлумачальны артыкул наконт будаўніцтва свінакомлексаў.

Генадзь Актанаровіч, намеснік старшыні Маладзечанскага райвыканкама:

– На працягу месяца, да 30 лістапада, людзі могуць удзельнічаць у абмеркаванні пытання ўздзеяння свінакомплексаў на навакольнае асяроддзе. Пакуль у райвыканкам не прыходзіла заўваг і прапаноў.

Да 17 лістапада можна падаваць заявы аб правядзенні грамадскай экалагічнай экспертызы. Іх можна накіроўваць ў райвыканкам або на электронны адрас: mldkray@mail.belpak.by, або па тэлефонах: 8 (0176) 772672, 8 (0176) 770704. Таксама дырэктару прадпрыемства “Велес-Міт” па нумары 8 (0222) 299994 або на электронную пошту: gurikov@ekolog.by.

Свіней плануюць адкормліваць да 115 кілаграмаў

Свінагадоўчыя комплексы разлічаныя на вытворчасць свініны ў 100 тысяч галоў. Прадукцыя прызначаная для продажу ў Беларусі і за мяжой.

Інфаграфіка Настассі Роўды.

Інфаграфіка Настассі Роўды.

На фермах плануюць размнажаць і адкормліваць свіней да 115 кілаграмаў. Адкормленых свіней будуць прадаваць і вывозіць на забой.

“Цэны на мяса наўрад ці зменяцца”

Як патлумачыла нам Наталля Марчукова, загадчыца сектара жывёлагадоўлі райвыканкама:

– Цэны на мяса наўрад ці зменяцца, як з’явяцца свінакомплексы. Яны фарміруюцца зыходзячы з сабекошту прадукту. Гэта грашовыя затраты на вытворчасць, на рэалізацыю прадукту. Спатрэбіцца час, каб акупіць свінакомплексы.

Дырэктар Цэнтра экалагічных рашэнняў Яўген Лабанаў адзначыў:

– Асноўная небяспека ад свінакомплексаў для навакольнага асяроддзя – гной у вялікай колькасці. Трэба дакладна ведаць, якая плошча будзе аддадзеная для яго размеркавання. Шмат гною на палях прыводзіць да павышэння ўзроўню нітратаў у вадзе, накаплення шкодных элементаў у прадуктах харчавання. Чым меншы свінакомплекс, тым менш ад яго адходаў, і лягчэй іх абеззаражваць і размяркоўваць па палях.

Маладзечанцы: прыйдзецца дыхаць смуродам

Андрэй Раць, маладзечанец:

– Для заказчыкаў найбольш выгадна размясціць яго як мага бліжэй да горада. Падчас будаўніцтва будуць вазіць туды будаўнічыя матэрыялы, ды і будаўнікам лягчэй дабірацца. Чым бліжэй да горада, тым меншыя затраты. Ну, а маладзечанцам прыйдзецца дыхаць смуродам ад свінакомплексу, асабліва летам.

Дзмітрый Каласоўскі часта па працы бывае каля пасёлка Акцябрскі Смалявіцкага раёна. У двух кіламетрах ад Смалявічаў знаходзіцца птушкаферма:

– Пры пад’ездзе да пасёлка смурод ад аміяку адчуваю нават з закрытымі вокнамі ў машыне. Пры будаўніцтве свінакомплексу ў Маладзечне спатрэбяцца ачышчальныя збудаванні для перапрацоўкі адходаў жыццядзейнасці свіней. Атрымаецца, што гэтыя рэзервуары будуць у непасрэднай блізкасці ад горада.

З’явяцца новыя працоўныя месцы

Улад Войтка адзначае, што цяпер многія маладзечанцы пачалі казаць, што ў горадзе будзе смярдзець ад свінафермы:

– Глупства гэта! Галоўнае, каб мяса было нармальнае ў магазінах!

Канстанцін Манкус адным з плюсаў называе з’яўленне новых працоўных месцаў.

Падсумуем, маладзечанцы не супраць будаўніцтва свінакомплексаў. Адзінае толькі, што яны хочуць, каб яны размяшчаліся далей ад горада, каб не было смуроду. З выгодаў, якія яны бачаць ад будаўніцтва, – надзея на тое, што мяса стане таннейшым і з’явяцца новыя працоўныя месцы.