Вы ведаеце, што за ўпакоўку пэўных тавараў пакупніку плаціць не трэба? А калі з вас узялі грошы за пакет ці іншую тару, то пра гэта можна напісаць у Кнізе скаргаў? Як выконваюць маладзечанскія крамы Закон аб гандлі, праверыла “РГ”.

Сёлета ў сілу ўступіла пастанова Савета Міністраў №703, якая зацвердзіла Правілы продажу асобных відаў тавараў.

Паводле яе, тавары, што патрабуюць тары, перадаюцца пакупніку ў запакаваным выглядзе без даплаты.

Пры гэтым зусім не значыць, што тавар вам абавязаныя пакласці ў пакет. Упакоўкай лічыцца і папера, і харчовая плёнка, і кантэйнер. Прадавец павінны прапанаваць пакупніку адзін з варыянтаў.

Пра гэта “Рэгіянальнай газеце” расказала начальнік аддзела гандлю і паслуг Маладзечанскага райвыканкама Ірына Крук.

– Калі вам адмовілі ўпакаваць тавар бясплатна, вырашайце  пытанне з адміністратарам ці загадчыкам магазіна.

Нават калі ў магазінах упакоўка бясплатная, яе кошт можа быць уключаны ў цану тавару.

Цана ўпакоўкі – 0 рублёў

У розных маладзечанскіх крамах да ўпакоўкі тавараў ставяцца па-рознаму.

У краме “Родны кут” пакеты насамрэч бясплатныя. Загадчыца магазіна №38 Тамара Насадовіч патлумачыла, што гэта новаўвядзенне ад пятніцы, 31 кастрычніка.

– Усё, што мы фасуем на месцы, прадаецца ў пакетах, за якія грошы не бяром. Калі, напрыклад, пакупнік па сваім жаданні захоча пакласці ў пакецік бутэльку мінералкі, то грошы, канешне, возьмем.

Адміністратар гандлёвага зала магазіна “Рублёўскі” Вераніка Гайдук паказала, што па ўсім гандлёвым зале размешчаныя стойкі з бясплатнымі пакетамі. На стойках надпіс: “Бясплатныя пакеты. Усё для зручнасці пакупніка”. Адміністратар падкрэсліла, што новаўвядзенне ніяк не адбілася на цэнах.

 

У магазіне “Златка” пакет каштуе 250 рублёў, але калі вы не захочаце плаціць, прадаўцы прапануюць вам бясплатную харчовую плёнку.

Таму не саромейцеся прасіць у магазінах запакаваць вам тавар бясплатна.

Тавары, якія, паводле Пастановы Савета Міністраў, патрабуюць ўпакоўкі ў абавязковым парадку:

Харчовыя: не запакаваныя пастаўшчыком ці вытворцам у спажывецкую тару; вагавыя тавары ва ўпакоўцы вытворцы, у тым ліку кілбасныя вырабы, сыры, цукровыя, кандытарскія і іншыя вырабы ў абалонцы, абгортцы, плёнцы, пергаменце, паперы, хлебабулачныя вырабы, у тым ліку ва ўпакоўцы вытворцы ў выпадку разразання іх на часткі, прадукцыя ўласнай вытворчасці.

Нехарчовыя: усе, якія могуць быць забруджаныя або разбітыя пры транспарціроўцы, пасцельная і нацельная бялізна, панчошна-шкарпэткавыя вырабы, шкляны посуд, навагоднія цацкі і іншыя падобныя вырабы, а таксама тыя, што самі могуць забрудзіць альбо пашкодзіць рэчы пакупніка (мыла, напрыклад); дробнаштучныя: гузікі, кнопкі, цвікі, фурнітура, бігудзі, прышчэпкі; метражныя: тканіны, штучнае футра, нятканыя матэрыялы, стужкі, карункі, драты, шнуры; цыбуліны раслін, расада, насенне, пасадачны матэрыял, корм для жывёл, птушак і рыб.