Ад кастрычніка ў Беларусі ўступіў у сілу новы парадак водпуску лекаў у аптэках. Цяпер рэцэпты лекаў, якія прадаюцца за поўны кошт, павінны заставацца ў аптэцы.

Пракаментаваць новую пастанову мы папрасілі загадчыцу маладзечанскай паліклінікі №1 Святлану Дубаневіч:

– У пастанове Міністэрства аховы здароўя ад снежня 2006 года пералічаныя ўсе прэпараты, якія адпускаюцца без рэцэпта дактароў. Яны па-ранейшаму будуць прадавацца ў аптэках без абмежаванняў. Што тычыцца прэпаратаў, якія назначылі дактары, то рэцэпты на іх сапраўды будуць забіраць фармацэўты пры пакупцы.

Акрамя таго, змяніўся і тэрмін дзеяння рэцэптаў. Калі раней ён быў сапраўдным тры месяцы, то цяпер тэрмін прыдатнасці скараціўся да двух.

– Як быць, калі тэрмін лячэння будзе больш доўгім, чым тэрмін дзеяння рэцэпта?

– У гэтым выпадку лекавы сродак можа быць выпісаны на некалькіх рэцэптурных бланках. Пры гэтым на кожным бланку доктар ставіць парадкавы нумар рэцэпта, выпісанага на дадзены курс лячэння. У гэтых выпадках дзеянне першага рэцэпта пачынаецца з дня яго выпіскі, а тэрмін дзеяння другога і наступных рэцэптаў па­чынаецца за 5 дзён да заканчэння тэрміну дзеяння папярэдняга.

– Калі выпісваюць дарагія прэпараты, некаторыя купляюць не адразу ўсе, а толькі частку лекаў, напрыклад, адну пласцінку таблетак.

– І ў такім выпадку рэцэпт у аптэцы будуць забіраць. Але дактары часцей выпісваюць беларускія лекі, кошт якіх прымальны для кашалька любога пацыента.

У хуткім часе ў паліклініках заменяць і бланкі рэцэптаў. Лекі, якія знаходзяцца пад асаблівым кантролем, будуць выпісваць на бланках жоўтага колеру.

Яшчэ адно новаўвя­дзенне тычыцца таго, што рэцэпт цяпер будуць выпісваць толькі на адзін прэпарат.

– Як вы лічыце, гэта пастанова апраўданая?

– Так. Праблема нашых людзей у тым, што многія сябе проста “закормліваюць” антыбіётыкамі і пры гэтым гадамі не звяртаюцца да дактароў. Цяпер жа за курсам лячэння дактарам будзе прасцей сачыць.

А што яшчэ горш, то многія нашы пацыенты лечацца па метадзе: “А мне параіла суседка”. У мяне быў выпадак, калі пацыент прасіў назначыць яму “вельмі харошы” прэпарат, які прымае суседка ад арытміі.

Я яму кажу: “У вас жа няма арытміі”, а ён мне: “Ну і што, лякарства ж харошае”.

 Што тычыцца чаргі па рэцэпты, то “ажыятажу гэта ствараць не павінна, таму што рэцэпт можна будзе ўзяць у памочнікаў дактароў. А іх у гарадской паліклініцы працуе 11 чалавек”, – тлумачыць Святлана Дубаневіч.

Да памочнікаў доктара чаргі няма

Праверыць, ці так гэта, мы вырашылі ў панядзелак каля 10 гадзін раніцы.

У рэгістратуры ні аднаго чалавека.

Медрэгістратар Тамара Яфімчык гаворыць:

– Талон да памочніка доктара можна ўзяць свабодна і ў любы час. У кожным аддзяленні паліклінікі працуе 3-4 памочнікі доктара. І папярэдне талон заказваць не трэба.

Пад кабінетам чакае адна наведніца.

– Ці зручны такі парадак выдачы рэцэптаў? – пытаюся ў яе:

– Я ўпершыню прыйшла па рэцэпт, таму цяжка сказаць. Але я бяру рэцэпт не сабе, а сваёй састарэлай маці. Таму гэта вельмі зручна, што не трэба браць талон да доктара. Чакаю я хвілін 10 пад кабінетам.

У каментары на сайце Міністэрства аховы здароўя Беларусі пазначана, што гэтыя змены зробленыя для таго, каб выключыць самалячэнне.

Пры хранічным захворванні раней падабраная схема лячэння праз некаторы час можа патрабаваць карэкціроўкі дозы прэпаратаў, перыядычнасці прыёму, а часам – і поўнай замены схемы лячэння. Таму наведваць памочніка доктара варта толькі тады, калі вы ўжо атрымалі рэцэпт, які выпісаў асабіста для вас доктар-спецы­яліст.