Сябры журы каго ашаламлялі пытаннем: “А “Валенки” можаце?”, у іншага патрабавалі: “Папсу давайце!”.
Раілі не піць мінералкі перад выступленнем і прапаноўвалі праспяваць песню, што гучыць у плэеры.
29 кастрычніка ў Мядзеле праходзіў кастынг конкурсу юных вакалістаў “Звонкая раніца-5”. Да ўдзелу ў ім запрашалі вучняў 7-11 класаў.
У зале гарадскога Дома культуры сабралася больш за сорак падлеткаў. Былі яны не толькі з Мядзельшчыны. Прыехалі з Вілейскага і Маладзечанскага, Пастаўскага і Докшыцкага раёнаў.
Кастынг расцягнуўся на чатыры з паловай гадзіны. Для дэманстрацыі вакальных здольнасцяў юныя спевакі выбіралі разнастайныя кампазіцыі: ад “Купалінкі” да расійскага рэпа. А каго сябры журы і станцаваць прасілі.
У Яна Рубанюка на конкурсе і песня, і строй былі народныя. Фота Алеся Высоцкага.
Ян Рубанюк з вёскі Лук’янавічы на Мядзельшчыне прыйшоў на кастынг у народным строі. І песню падрыхтаваў адпаведную – “Вёсачка мая” з рэпертуару ансамбля “Бяседа”.
Фінал “Зорнай раніцы” пройдзе ў “Зубраняці”
Кастынгі пятага сезона конкурсу “Звонкая раніца” адбыліся ў 12 гарадах Беларусі. У іх прынялі ўдзел каля 360 удзельнікаў. У нашым рэгіёне кастынг прайшоў толькі ў Мядзеле.
Кожны кастынг арганізатары здымалі на відэа. У бліжэйшы час прагледзяць зняты матэрыял і выберуць усіх фіналістаў. Вынікі абяцаюць агучыць пасля 15 лістапада.
Вядома, што ўжо ў фінал трапілі мядзяльчане Кацярына Ардынец і Аляксандр Нікіценка. Усяго ў фінале будзе не больш як 50 удзельнікаў.
Гэтыя падлеткі паедуць у Нацыянальны дзіцячы адукацыйна-аздараўленчы цэнтр “Зубраня” на Мядзельшчыне. Там у пачатку наступнага года пройдзе фінал конкурсу.