Слёзы расчаравання на вачах маладых гульцоў “Маладзечна-ДЮСШ-4” можна было бачыць пасля матчу з “Любанню”.

Яны змагаліся да апошніх хвілін, але не здолелі вырваць перамогу ў вырашальным матчы.

На кану быў тытул чэмпіёна вобласці. У заключным туры чэмпіянату вобласці па футболе ў Маладзечне 1 лістапада сустракаліся два лідары – “Маладзечна-ДЮСШ-4” і “Любань”.

Каб маладзечанцам перамагчы ў чэмпіянаце, патрэбна было абыграваць “Любань”: наша каманда адставала на два ачкі.

Аднак маладзечанцы дабіліся толькі нічыі 2:2. І як вынік трэцяе месца.

– Усё было ў нашых руках, але не рэалізавалі свае моманты, – дзеліцца ўражаннямі маладзечанскі заўзятар Рыгор Кароль. – У  “Любані” былі два моманты за гульню, яны іх выкарысталі. Ды і суддзя, дарэчы, з Жодзіна, у чарговы раз не паставіў два пенальці. Праўда, у канцы гульні выправіўся, але наш гулец не рэалізаваў пенальці. 

Расказаў Рыгор Кароль, што ў першым тайме маладзечанцы больш прыглядаліся да гасцей. У другім тайме ўсе 45 хвілін прасядзелі на іх палове поля. Пасля падачы вуглавога пасля адскоку не трапляе ў вароты Аляксандр Альховік, пасля выхаду “сам-насам” не забівае Максім Чабрыцкі.

А неўзабаве ў вароты маладзечанцаў літаральна на працягу двух хвілін залятае два галы. Да канца гульні застаецца хвілін дваццаць. Здавалася б, ужо ўсё – матч прайграны.

Аднак маладзечанцы не здаліся. На поле выпускаюць ветэранаў клуба Мікалая Татуна і Дзмітрыя Вышынскага.  І праз пару хвілін пасля падачы вуглавога Прохар Новікаў скарачае разрыў у ліку.

Маладзечанцы не спыняюць атакі. Не забівае ў пустыя вароты Сяргей Галюк, пасля фолу на Сяргею Дараховічу суддзя ставіць доўгачаканы пенальці. Але яго не рэалізоўвае Дзмітры Вышынскі. І толькі ў дадатковы час пасля прастрэлу Юрыя Бугая далёкую штангу замкнуў Сяргей Галюк.

– Гульня была вартая фіналу, – ацэньвае матч Рыгор Кароль. – Дзякуй усім нашым гульцам за самаадданасць, за жаданне змагацца да апошняй хвіліны за перамогу.

Пасля гульні ў некаторых маладых гульцоў на твары былі слёзы. Гэта мяне ўразіла да глыбіні душы. Стала зразумела, што нашай моладзі не абыякавы  маладзечанскі футбол.

 Дзякуй трэнерам з нашай ДЮСШ-4, што выхоўваюць такую моладзь. І  дзякуй заўзятарам, якія прыйшлі падтрымаць каманду.

Але і ФК “Любань” не стаў чэмпіёнамі. Нічыя дапамагла вырваць першае месца “Жодзіна-2007”. Дома жодзінцы абыгралі з лікам 3:0 “Зорку-РФАЦ-Вікторыю”. Набрала каманда 28 ачкоў, як і “Любань”. Але па дадатковых паказчыках заняла першае месца. 

У “Маладзечна-ДЮСШ-4” у выніковай табліцы – 26 ачкоў.