На мінулым тыдні мы запусцілі конкурс, пераможцу якога чакаюць два білеты на юбілейны канцэрт “Старога Ольсы”. Удзельнікі павінны былі даслаць рэцэпт старажытнай беларускай стравы і яе фота. 

Першай з заданнем справілася наша чытачка Марына Кацярыніч. Родам яна з Берасцейшчыны, цяпер працуе і жыве ў Мінску.

– Гэту страву гатавала мая бабуля, каб пацешыць сваіх дзетак нечым смачненькім, – дадала жанчына.

Інгрэдыенты: спелы гарбуз, невялікі або сярэдніх памераў, сушаная садавіна (пераважна яблыкі, можна дадаваць  грушы, чарнасліў, разынкі і іншае)

Спосаб прыгатавання:

– гарбуз памыць, зрэзаць верхавіну, ачысціць сярэдзіну ад насення і валокнаў;

– папярэдне замачыць яблыкі і іншую сушаную садавіну (на 1-2 гадзіны), нашпігаваць ёю гарбуз да самага верху, закрыць зрэзанай верхавінай, паставіць у печ (духоўку) на 2 гадзіны, каб упарыўся;

– можна падаваць на стол як дэсерт.

– Бабуля клала ў гарбуз часцей толькі сушаныя яблыкі. Мы цяпер дадаём і нейкую экзатычную сушаную садавіну, свежыя яблыкі, – дадае Марына.

Аднак яна ўпэўнівае, што смачна атрымліваецца ў любым выпадку.