Многім з іх нязручна ездзіць на цягніку на 16:14. Аднак пакуль не знайшлося чалавека, які б сабраў подпісы, каб цягнік перанеслі на пазнейшы час.

У рэдакцыю “Рэгіянальнай газеты” звярнулася чытачка Галіна. Яна скардзіцца на тое, што цягнік з Маладзечна ў Вілейку ідзе на 16:14. Працоўны дзень жа заканчваецца ў сямнаццаць гадзін.

– Прыходзіцца адпрошвацца з работы. Аднак штодзень не будзеш жа сыходзіць раней! – заўважае жанчына.

“Чыгунка займаецца шкодніцтвам”

Раней яна ездзіла на машыне. Аднак толькі на запраўку за 22 працоўныя дні трэба аддаць 800 тысяч рублёў.

– Цяпер рана цямнее, – гаворыць Галіна. – Хутка пачнецца галалёдзіца, таму страшна будзе ездзіць. А раптам нешта зламаецца па дарозе. Буду баяцца нават выйсці з машыны, паўсюль лес. Ды і парамантаваць не змагу.

Цяпер жанчына дабіраецца дадому ў Вілейку са знаёмымі на машыне. Але яны хутка перастануць ездзіць на Маладзечна. Жанчына ў разгубленасці, на чым тады дабірацца.

– Для каго пускаюць такія цягнікі? – пытаецца жанчына. – Чыгунка займаецца шкодніцтвам у адносінах да пасажыраў.  

49 чалавек ездзіць на цягніку

Карэспандэнтка “Рэгіянальнай газеты” прайшлася па вагонах цягніка і пералічыла, колькі людзей ездзіць на гэты час. У першым і пятым вагоне па пяць чалавек, у другім – сем.  Найбольш было ў трэцім і чацвертым вагонах – 14 і 18 чалавек. Агулам − 49 чалавек за чатыры мінуты да адпраўлення цягніка.

Мы спыталі ў пасажыраў, ці зручна ім ездзіць на цягніку на гэты час. Большасць выказалася за тое, што лепш было б, каб цягнік ішоў пазней. Так Уладзімір Давідовіч адзначыў:

– На цягніку ездзіць значна танней, чым на аўтобусе, і прыязджае бліжэй да дома. Аднак было б лепш, каб ён ішоў на сямнаццаць  гадзін. А так прыходзіцца адпрошвацца з работы, каб паспець. Ды і людзей на гэты час мала ездзіць.

Некаторым зручна, але большасці − не

Анатоль Вашынко працуе ў вагонным дэпо. Мужчына гаворыць, што на гэтым цягніку зручна ездзіць не толькі яму, але і навучэнцам маладзечанскіх каледжаў.

– Але ж большасць людзей заканчвае рабочы дзень ў сямнаццаць  гадзін, таму ім прыходзіцца дабірацца на аўтобусе або на сваім транспарце. Было б значна лепш, каб цягнік ехаў пазней.

На чыгуначным вакзале ў Маладзечне нам патлумачылі, што пасажыры, якім нязручны расклад цягнікоў, павінны пісьмова звярнуцца ў аддзел арганізацыі пасажырскіх перавозак Мінскага аддзялення беларускай чыгункі. Пажадана, каб гэта быў калектыўны зварот. Тады расклад могуць змяніць.