10 лістапада, у панядзелак, у Палаце прадстаўнікоў прынялі законапраект аб альтэрнатыўнай службе, унесеныя адпаведныя папраўкі ў некаторыя законы.

Першапачаткова прапаноўвалі, што маладзёны без вышэйшай адукацыі павінны будуць праходзіць альтэрнатыўную службу на працягу 30 месяцаў, а выпускнікі ВНУ – 20 месяцаў. Цяпер вырашылі  павялічыць тэрміны да 36 і 24 месяцаў.

Плануюць, што “альтэрнатыўшчыкі” будуць працаваць у сферы сацабароны, медустановах, лясной гаспадарцы і сферы ЖКГ. У законапраекце сказана, што на час праходжання службы маладых людзей забяспечваюць памяшканнем, прыдатным для пражывання.

“Альтэрнатыўшчыкам” трэба будзе працаваць 48 гадзін (шэсць дзён) у тыдзень. Грашовае забеспячэнне плануецца ў памеры 150 працэнтаў ад велічыні бюджэту пражытачнага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва за два апошнія кварталы. Выплаты могуць павышаць, калі малады чалавек будзе служыць без нараканняў.