Высвятленне гісторыі старога здымка аварыі на мосце ўздоўж вуліцы Савецкай, цяпер Віленскай, працягваецца. У рэдакцыю звярнулася жонка Сяргея Рашатнёва Клаўдзія Міхайлаўна.

Жанчына прынесла два здымкі. Адзін – здымак самой аварыі, які захаваўся ў сямейным архіве. Другі – здымак Сяргея Рашатнёва.

У кастрычніку міліцыя Маладзечна дала абвестку, што хоча аднавіць гісторыю здымка аварыі. Фота ўваходзіць у калекцыю старых здымкаў горада, якія ўпрыгожваюць сцены РАУС. Адгукнуўся выкладчык маладзечанскага каледжа Эдуард Манкус, які выязджаў на месца здарэння разам з Сяргеем Рашатнёвым. Спадар Эдуар меркаваў, што на здымку ён.

На фота бачна, што і Рашатнёў насіў гадзіннік на левай руцэ. Тым часам, як гэта была адна з прыкмет таго, што на фота – Эдуард Манкус, які таксама выязджаў на месца гэтай аварыі.

Крыху караткаватыя рукавы ў пінжаку, на якія таксама звяртаў увагу спадар Эдуард, жанчына тлумачыць тым, што яны будуць караткаватыя ў любога чалавека, які стаіць нахіліўшыся і піша. Эдуард Манкус тым часам звязваў гэта са сваім высокім ростам.

Аднак тое, што на фота Сяргей Рашатнёў, усё ж даказвае наяўнасць здымка ў асабістым архіве сям’і.

І Эдуард Манкус цалкам з гэтым згодны.

– Сапраўды, цяжка пазнаць, хто на гэтым фота. Я і дапускаў магчымую памылку, калі гаварыў, што на ім я. Хаця шмат сяброў званілі, пісалі, каб я не сумняваўся ў гэтым. Цяпер жа ўсё стала на свае месцы. І рады, што мы ўсё ж дазналіся, хто на фота. Шчаслівы, што ў гісторыю міліцыі ўвойдзе варты памяці чалавек.

Першая сустрэча з Рашатнёвым

Эдуард Манкус тады яшчэ вучыўся ў добраахвотным таварыстве садзейнічання арміі, авіяцыі і флоту. Было гэта да таго, як ён пайшоў у армію. У ДТСААФе абавязковым для курсантаў было дзяжурыць на дарозе ў якасці дружынніка.

Сяргей Рашатнёў у той час быў інспектарам ДАІ.

– Тады мы і сустрэліся, – распавядае спадар Эдуард. – І я запомніў яго, таму што гэта быў вельмі абаяльны, вельмі гаваркі чалавек.

Пасля таго, як Эдуард вярнуўся з арміі, пазнаёміўся з Сяргеем Рашатнёвым бліжэй.

– Ён стаў мне настаўнікам, – працягвае Эдуард Манкус. – Уводзіў мяне ў прафесію, павучаў і адкрываў яе сакрэты.

Рашатнёў быў легендай ДАІ

За тыя два гады, што Эдуард працаваў кіроўцам дзяжурнай машыны, ён часта выязджаў з Рашатнёвым на месцы здарэнняў.

– Я і ўсе мае калегі лічым, што Рашатнёў – легенда ДАІ. Яго ведала столькі людзей, колькі нікога і ніколі. Ён быў і надзейным таварышам, і адкрытым чалавекам, заўсёды быў гатовы дапамагчы.

Сяргей Рашатнёў пайшоў з жыцця 17 гадоў таму. Яму было 45 гадоў.

Як прыгадвае Эдуард Манкус, Сяргей Мікалаевіч ніколі не сек з-за плячэй. Быў разважлівым і спакойным. Нават калі размаўляў з нецвярозымі за рулём, не дазваляў сабе грубіць.

Таму з ім лёгка сходзіліся.

– Мы былі з ім сябрамі. Сябравалі сем’ямі. Я рады, што лёс звёў мяне з такім чалавекам.

Здаецца, цяпер гісторыя гэтага здымка вядомая.

Калі ж і вы, чытачы, маеце ў архіве цікавыя здымкі, дасылайце альбо прыносьце  ў рэдакцыю. Будзем захоўваць гісторыю разам.

Маладзечанская міліцыя шукае сведкаў аварыі пачатку 1980-х гадоў (Фота)

Да фота аварыі 30-гадовай даўніны маладзечанская міліцыя мае толькі гістарычны інтарэс