Два гады назад мы з мужам купілі старую, амаль стогадовую драўляную хату ў Валожынскім раёне. Разам з хатай нам дастаўся рой пчолаў, які аблюбаваў ніжняе бервяно. Суседка сказала, што, калі яна пераехала сюды ў 1956 годзе, пчолы ўжо былі.

Два гады мы жылі поруч з руплівымі насякомымі і не перашкаджалі адно аднаму. Аднак сёлета задумалі ўцяпліць падлогу. А для таго, каб гэта зрабіць, трэба было неяк пазбавіцца ад пчолаў, якія, як мы здагадваліся, праз шчыліну ў бервяне заляталі пад падлогу і жылі там.

Вырашана было зрабіць усё магчымае, каб пакінуць пчолаў ужывых. Для гэтага мы кінуліся ў пошукі пчаляра, які б прыехаў і пераса­дзіў іх у вулей. Пакінем мы гэты вулей сабе, ці не – справа другасная. Галоўнае, каб спецыяліст знайшоўся.

Паралельна я пачала лазіць па пчалярскіх форумах і шукаць выйсце там. Аднак тое, што я там знайшла, мяне не парадавала. Атрымлівалася, што рой ніяк не выманіць і нават не забіць. Ніякія сродкі не дапамогуць.

І вось здаецца, мы знайшлі пчаляра, які пагадзіўся дастаць рой і перавезці сабе на пчальнік. Але за рознымі справамі працэс зацягваўся, пачаліся начныя замаразкі. І пчаляр сказаў, што не прыедзе – пчолы ўжо не выжывуць, калі іх перасадзіць. А проста так іх выганяць ужо небяспечна, бо яны паселі дома і настроіліся на агрэсіўную абарону. Ды і ў кожным разе, забіваць іх шкада.

Нам таксама шкада іх забіваць, але трываць мінусавую тэмпературу ў хаце ўзімку не хацелася.

Таму вырашылі не спыняць спробы і ўсё ж выманіць пчол, хоць і коштам іх жыцця. І – о, цуд! Пазнаёміліся з пчаляром з суседняй вёскі, які сам пагадзіўся “пад’ехаць паглядзець”, што ў нас там.

Вось столькі мёду знайшлі валожынцы пад падлогай. Фота Аўгіні Манцэвіч.

Вось столькі мёду знайшлі валожынцы пад падлогай. Фота Аўгіні Манцэвіч.

Мікалай Аляксандравіч прыехаў да нас на наступны дзень са спе­цыяльным адзеннем. Папрасіў у мяне мятлу, вядро вады, пыласос. Муж дапамог яму ададраць дошкі ад лагаў. А далей пчаляр сказаў: “Я сам”. Мы назіралі за яго працай з акна. Мікалай засмоктваў пчолаў у пыласос і акуратна аддзіраў соты ад дошак. Я не паспявала насіць яму пустыя чыстыя вёдры і тазы для мёду. І са шкадаваннем раз за разам вытрасала мёртвых пчолак з торбачкі з-пад пыласоса.

Праз амаль як чатыры гадзіны ўсё скончылася. Адзінокія пчолы ў разгубленасці яшчэ лёталі па двары і ў хаце. Дзякуй ім, руплівым, што назапасілі 35 літраў мёду, які, спадзяюся, пойдзе нам на здароўе. І няхай нас прабачаць.