Мала хто сумняваўся, што смаргонскі клуб здолее дамагчыся ўпэўненай перамогі над аўтсайдарам чэмпіянату. Кадравыя праблемы гаспадароў у выглядзе траўміраваных і дыскваліфікаваных гульцоў выліліся ў тое, што ў заяўцы на гульню ў пінчукоў значылася толькі 13 прозвішчаў замест належных 18.

Ад самага пачатку сустрэчы смаргонцы пазначылі сваю перавагу. На працягу першага тайма некалькі разоў стваралі небяспечныя моманты каля варот гаспадароў. Актыўны быў і лепшы бамбардзір клуба Мікалай Рындзюк, нядрэнная магчымасць для ўзяцця варот была ў Паўла Баскакова.

Правы фланг у асобе Уладзіміра Казко таксама актыўна ўдзельнічаў стварэнні атакуючых камбінацый. Але ў якой ужо гульні футбалістаў “Смаргоні”

падводзіць  рэалізацыя момантаў. Ствараць – ствараем, а ўвасобіць у забітыя мячы атрымліваецца з цяжкасцю. Але на заканчэнне першай паловы

матчу “Смаргонь” усё ж даціснула абарону гаспадароў. Сяргей Кавалюк дакладнай перадачай знайшоў у штрафной Мікалая Рындзюка. Той разабраўся з абаронцам і галкіперам “Хвалі” і адкрыў лік.

Здавалася, пачатак пакладзены. У другім тайме смаргонцы не толькі змогуць павялічыць лік, але і давесці яго да разгромнага.

У матчы атакавалі смаргонцы. Фота Марыі Бяленкі.

У матчы атакавалі смаргонцы. Фота Марыі Бяленкі.

Удала праведзеныя галоўным трэнерам “Смаргоні” замены ўзмацнілі гульню. Сяргей Равіна і Вячаслаў Замара вельмі арганічна ўпісаліся ў малюнак гульні. Сяргей некалькі разоў далёкімі ўдарамі сур’ёзна непакоіў галкіпера пінчукоў, а Вячаслаў літаральна раздзіраў правы фланг абароны саперніка. Момантаў было мноства, бракавала толькі дакладнага ўдару.

Матч каціўся да мінімальнай перамогі “Смаргоні”. На 90-й хвіліне гаспадары атрымалі права на штрафны ўдар у некалькіх метрах ад сярэдзіны поля. Здавалася б, якая можа быць пагроза? Але капітан “Хвалі” Сяргей Валадзько ўбачыў, што варатар “чырвона-чорных” Радзівон Сямук далёка выйшаў з варот.

Нечакана для ўсіх гулец замест навесу ў штрафную плошчу адважыўся на ўдар па варотах. Мяч апісаў дугу ў паветры і заляцеў у вароты смаргонцаў. Радзівон Сямук так і не здолеў да яго дацягнуцца.

 Прапушчаны на апошняй хвіліне кур’ёзны гол пазбавіў ФК “Смаргонь” магчымасці скараціць адставанне ад “Віцебска”, які ідзе трэцім. Але і віцябляне не скарысталіся асечкай смаргонцаў. У хатнім матчы таксама згулялі ўнічыю са “Слонімам” – 2:2.

Можна сказаць, што ўсе засталіся “пры сваіх”. Толькі вось тураў да канца засталося менш, ды і сапернікі ў “чырвона-чорных” прасцейшыя.

Наступны матч “Смаргонь” правядзе 15 лістапада на хатнім стадыёне “Юнацтва”. У госці завітае сталічная “Зорка-БДУ”. Пачатак сустрэчы ў 14 гадзін. На сайце ФК “Смаргонь” можна будзе паглядзець онлайн- відэатрансляцыю матчу.

Відэагляд гульні з сайта fc-smorgon.by (шалёны гол глядзіце ў канцы трансляцыі – адзнака 2.29)