У першым пасля міжнароднай паўзы хатнім матчы чэмпіянату Беларусі хакеісты “Дынама-Маладзечна” 11 лістапада перайгралі хакейны клуб “Брэст” з лікам 7:0.

Сказаць, што дынамаўцы пачалі па-гаспадарску, гэта не сказаць нічога. “Зубры” з першых хвілін кінуліся атакаваць вароты гасцей і закінулі хуткую шайбу. Ужо на 6-й хвіліне сустрэчы вызначыўся Аляксей Батурэвіч.

На дасягнутым “бела-сінія” не спыніліся. Такі ціск выліўся яшчэ ў дзве закінутыя шайбы.

Другі перыяд прайшоў пад абсалютную дыктоўку нашых хлопцаў. У гасцей не атрымлівалася, шчыра кажучы, нічога. Спачатку госці прапусцілі, гуляючы ў большасці … потым у меншасці… і, нарэшце, у роўных складах. Прычым сёмая па ліку шайба перасекла стужачку варот акурат пад гук сірэны.

На заключны адрэзак сустрэчы каманды выходзілі пры ўсё тых жа лічбах на табло. Задачы ў сапернікаў былі дыяметральна супрацьлеглыя: госці хацелі закінуць у вароты “бела-сініх” хоць бы аднойчы, а вось дынамаўцам трэба было не разгубіць перавагу ў сем шайбаў. І не разгубілі.