65-гадовы бягун з Маладзечна цягам пяці гадоў не выходзіць з прызёраў. Як прызнаецца сам спартсмен, для яго бег –жыццёвая патрэба. Як сняданне для звычайнага чалавека. 

Васіль Лябецкі распавядае пра трэніроўкі і перамогі, пра напружанне на працы, з якім даводзілася спраўляцца, пра дзяцей і ўнукаў, што ідуць па слядах.

Ён трэніруецца ўжо цягам 40 гадоў. Калі два дні праседзіць дома, адчувае дыскамфорт.

– Быццам нечага не хапае, – прызнаецца спадар Васіль. – Таму ўвесь час трэніруюся, шукаю ў інтэрнэце марафоны, у якіх магу ўзяць удзел.

Васіль Лябецкі не баіцца доўгіх дыстанцый. Бегае ад пяці да 42 кіламетраў.

– Летась у снежні прабег 42 кіламетры за 3 гадзіны і 18 хвілін.

Спартсмен бегае на дыстанцыях ад пяці да 42 кіламетраў.

Спартсмен бегае на дыстанцыях ад пяці да 42 кіламетраў.

Падчас прабежкі яго заўважыў чэмпіён Беларусі

Бегаць спартсмен пачаў пасля службы ў арміі ў Германіі. Вызначальная сустрэча для яго адбылася ў час адной з трэніровак.

– 1970 год. Бягу, а мне насустрач таксама чалавек бяжыць. Старэйшы за мяне, на самым піку формы. Спыніў мяне, запытаўся, хто я і адкуль. Прапанаваў разам трэніравацца.

Аказалася, што гэта быў майстар спорту Аляксандр Цімафеенка. Ён станавіўся чэмпіёнам Беларусі ў марафонскім бегу, пяць гадоў запар уваходзіў у лік лепшых бегуноў СССР.

– Што там армія! – параўноўвае нагрузкі ад бегу Васіль Лябецкі. – Тры-пяць кіламетраў. На трэніроўках адразу да 30 дайшоў! Аляксандр Раманавіч не шкадаваў мяне. Можа, і да лепшага, так характар загартоўваецца. Як ён казаў, цяжка на трэніроўцы, а яшчэ цяжэй на спаборніцтвах. Цяпер і я сябе не шкадую.

На думку спартсмена, бег – цяжкі і марудны спорт.

– Гэта не хакей, спорт не дарагі. Патрэбныя толькі красоўкі добрыя. Аднак трэба быць фанатам, каб ім займацца. Я адзінокі воўк. Секундамер на руцэ – мой самы галоўны вораг і сапернік.

І дзякуючы такому саперніку ў бегуна ўжо каля 70 медалёў.

У калекцыі Васіля Лябецкага каля 70 медалёў.

У калекцыі Васіля Лябецкага каля 70 медалёў.

Унук хутка будзе класці на траву

10-гадовы ўнук, Антон, як прыходзіць у госці, кожны раз пытаецца ў дзеда: “Ну што, ёсць новыя медалі?” І спадар Васіль кожны раз тлумачыць, што не так шмат забегаў, каб кожны тыдзень новыя медалі прыносіць.

Антон займаецца айкідо. Трэці год і трэці пояс, сіні.

– Хутка будзе класці дзеда на траву, – усміхаецца спадар Васіль.

Бацька Антона, Віталь, старэйшы сын Васіля, раней займаўся лёгкай атлетыкай. Быў сярод лепшых у рэспубліцы. Пасля пайшоў у баскетбол, а цяпер працуе настаўнікам фізкультуры.  

Сын Аляксандр спачатку абраў плаванне. Потым таксама сышоў у баскетбол. Паступіў жа ў лінгвістычны ўніверсітэт, і спорт застаўся як хобі.

– Сынам на сабе прыклад паказваў. І яны, мабыць, проста не маглі па-іншаму. Яны – мае першыя заўзятары. Заўсёды тэлефануюць пасля прабегаў, хвалююцца.

Жонка, Ірына Маркаўна, таксама заўзее і падтрымлівае.

– Мне з ёй пашанцавала. Падтрымлівае, ведае, калі і чым карміць. Шкадуе, што так мучаю сябе. Але радуецца кожнай узнагародзе, якую прывожу, – распавядае бягун.

Як збіла машына

Але не ўсё ў яго спартыўнай кар’еры было так гладка. У пачатку 1980-х збіў аўтамабіль.

Ці пашчасціла, ці праз трэніроўкі, але абышлося без пераломаў. Тры тыдні ён адляжаў у бальніцы.

– Дактары дзівіліся, як так магло атрымацца. Так ляцеў, а цэлы.

Год пайшоў на тое, каб Васіль Лябецкі вярнуў сабе форму. Усё праз боль. Спачатку на ровары ездзіў, потым плаваў, а пасля вярнуўся да бегу.

– Ужо прабег каля 2,5 тысячы кіламетраў. Сёлета дакладна тры тысячы будзе. Жартую, што два разы шар зямны абабег.

Аднак спартсмен не адмаўляе таго, што даводзіцца шмат чым і ахвяраваць. І час, які ён мог прысвяціць нечаму іншаму, даводзіцца аддаваць трэніроўкам.

Калегі круцілі каля скроні

Раней Васіль Лябецкі працаваў машыністам цеплавоза.

– Сядзячая праца, псіхалагічная, – адзначае ён. – Бачыў, як людзі кідаюцца пад цягнік. Бег дапамагаў здымаць стрэс. Праўда, калегі, калі дазналіся пра маё захапленне, спачатку круцілі пальцам каля скроні.

Цяпер спадар Васіль на пенсіі. Часта выязджае на лецішча ў Вытрапаўшчыну. Як сам гаворыць, працы хапае. Аднак не перастае бегаць і перамагаць. Сябе і іншых.