Кацярыне Шастак з Сугваздаў 27 гадоў. На яе плячах трымаецца ўся гаспадарка і клопаты пра дом і дзяцей. Сёлета Кацярына атрымала дзяржаўную ўзнагароду – ордэн Маці.

Кацярына ўпершыню за сем гадоў выйшла з дэкрэтнага адпачынку. Цяпер яна працуе санітаркай у дзіцячым санаторыі “Налібоцкая пушча”.

– Мне за сем гадоў дэкрэтнага адпачынку надакучыла ўжо дома сядзець! Ды і грошы сям’і патрэбныя.

Муж Кацярыны Валеры працуе механізатарам у сельскагаспадарчым прадпрыемстве “Суг­вазды-агра”.

Заробкі там таксама незайздросныя, асабліва зімой, прызнаецца маладая мама. Але ў мінулым годзе сельгаспрадпрыемства вы­дзеліла сям’і Шастакоў двухпавярховы дом з усімі выгодамі. Вялікі дом таксама вымагае дадатковых сіл: і абставіць яго мэбляй трэба, і прыбрацца на двух паверхах.

– Старэйшая дачка, другакласніца Маша, ужо крыху дапамагае. Я яе навучыла пыласос уключаць, пыл выціраць, падмятаць. Посуд пакуль не давяраю мыць, баюся, што можа параніцца.

– А я гатаваць вельмі з мамай люблю, – кажа Маша. – Мы і торцікі пячом, і булачкі. Але больш за ўсё я люблю гарохавы суп. І калі вырасту, стану пекарам!

Маша вучыцца ў Дорскай сярэдняй школе. Ад дома да школы прыкладна 10 кіламетраў. Кожную раніцу трэба паспець сабрацца на школьны аўтобус, які прыходзіць у 7:20.

Распарадак дня ў Кацярыны такі. Кожную раніцу яна падымаецца а палове  шостай, збіраецца сама, будзіць дзетак. Заплятае дзяўчынкам коскі, адпраўляе Машу ў школу, Мікіту, Мішу і Віку − у садок. Малодшую, Анютку, якой толькі споўнілася два гады, даглядае маці Кацярыны Леакадзія, якая жыве ў гэтай жа вёсцы.

Яна, акрамя таго, што сядзіць з унучкай, дапамагае Кацярыне і з гаспадаркай. Ля новага дома маладых Шастакоў пакуль няма магчымасці разбіць агаро­дзік, таму ўсё вырошчваюць на ўчастку бабулі Лёдзі.

Кацярына прызналася, што на зіму паставіла больш за 50 слоікаў агуркоў і яшчэ больш кампотаў.

– Дзеці больш любяць кампоты, варэнне амаль не ядуць. На зіму закалолі апошняга кабанчыка, так што будзем з мясам, – кажа Кацярына. – А вось на парася грошай пакуль няма, таму ў лепшым выпадку будзем абзаводзіцца гаспадаркай толькі на лета.

У сям’і Шастакоў ёсць і свая традыцыя паходаў у магазін. Раз на месяц яны ездзяць у валожынскі супермаркет.

– Бяром з сабой мільён і затаварваемся прадуктамі на месяц.

– Вялікая сям’я – гэта больш клопату ці радасці?

– Клопату. Я ж з усім адна змагаюся. Муж пастаянна на працы. Але і радасць, канешне. Весела ў нас. Цішыні ў хаце амаль не бывае. Толькі днём, калі я дома, дзеці ў школе і садку, а Анюта засынае. 

Кацярына і Валеры самі выхоўваліся ў шматдзетных сем’ях. У сям’і Валерыя, акрамя яго, выхоўвалася яшчэ пяцёра дзяцей, у Кацярыны, акрамя яе, – чацвёра. А самі вялікую сям’ю не планавалі.

– Мы ажаніліся, калі ў нас павінна была нарадзіцца трэцяя дачка – Вікторыя.

Дапамогу ад дзяржавы сям’я Шастакоў атрымлівае толькі на малодшую дачку, Аню.

Сёлета Кацярыну ўзнагародзілі ордэнам Маці. А разам з ім выдалі грашовую дапамогу ў шэсць мільёнаў рублёў і 50-грамовы злітак срэбра.

За гэтыя грошы плануюць купіць для Машы пісьмовы стол. Астатнія сродкі пойдуць на зімовае адзенне дзецям.

А срэбра плануюць раздзяліць паміж дзецьмі, каб кожны з іх ведаў, што ён часцінка вялікай сям’і.