Яны адбыліся ў пятніцу, 14 лістапада, у гарадской паліклініцы №1.

Для медыкаў горада правялі інструктаж, як неабходна лячыць хворага, якія дзеянні паслядоўна павінны выконваць медыцынскія работнікі, каб засцерагчы сябе ад хваробы. Наглядна паказалі, як павінны адпрацаваць спецыялісты на кожным этапе работы: калі толькі паступіў пацыент, калі апрацоўваюць памяшканне.

Прадстаўнікі Цэнтра гігіены і эпідэміялогіі настойліва рэкамендавалі кожнаму медыку надзець і зняць па правілах супрацьчумны касцюм. Менавіта у ім будуць працаваць работнікі, калі ў Маладзечне з’явяцца хворыя з вірусам Эбола.

Загадчыцца аддзелам эпідэміялогіі Цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Людміла Ермачэнка распавяла для “РГ”, чаму гэтыя вучэнні актуальныя:

 Вераготнасць таго, што ў Маладзечне з’явіцца хворы на Эбола, мінімальная. Але цалкам выключыць яе мы не можам, таму лепш быць падрыхтаванымі. Летась у політэхнічным каледжы вучылася дзевяць навучэнцаў з Нігерыі. Сёлета, здаецца, таксама могуць прыехаць пасля новага году.

Для маладзечанскіх медыкаў ёсць 301 супрацьчумны касцюм, 34 касцюмы маюць спецыялісты Цэнтра гігіены і эпідэміялогіі. Столькі работнікаў змогуць займацца лячэннем хворых.

Спецыяліст адзначыла, што медыкам пры лячэнні пацыента неабходна выконваць усе правілы работы ў супрацьчумным касцюме. Гэта засцеражэ работнікаў ад заражэння.

Людміла Ермачэня адказала, што ў такім выпадку лекары змогуць адчуваць сябе ў бяспецы:

 Касцюм абараняе цалкам. Узнікае пытанне, чаму медыкі, якія лячылі хворых, самі падхоплівалі вірус. Справа ў тым, што ў афрыканскіх шпіталях, дзе лячылі хворых, антысанітарыя. Медыкі працуюць без пальчатак, санітарна-гігіенічных касцюмаў. Калі нават праколецца пальчатка, а медык будзе дзейнічаць па алгарытме, то ніколі не захварэе. Там гэтага няма.

Падчас вучэнняў спецыялісты адзначылі, што вірус Эбола не перадаецца праз паветра. Ён перадаецца фекальна-аральным шляхам,  а таксама праз вадкасці арганізму. У сперме, напрыклад, жыве два месяцы.

Паводле Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, вірус Эбола выклікае да 90% смяротнасці. Вакцыны ад яго пакуль няма. Пакуль не знайшлося кампаніі, якая б уклала грошы ў распрацоўку спецыяльных лекаў. Рынак збыту быў бы вельмі абмежаваны: за 36 год захварэла 2 200 чалавек.

Вірус упершыню зафіксавалі ў 1976 годзе. Ён узнік у Заходняй Афрыцы. Як мяркуюць спецыялісты, ён перадаецца ад чалавека чалавеку. А распаўсюджанне выкліканае тым, што побач з хворым ні медыкі, ні сваякі не выконваюць санітарныя правілы.