Чаму жанчына можа пайсці з жыцця, трымаючы за руку сваіх дзяцей? Што можа засцерагчы ад трагедыі і як навучыцца вырашаць сямейныя праблемы?

Выпадкі суіцыду ніколі не пакідаюць раўнадушным, але калі сябе забівае маці, якая ставіць пад удар ці забірае з сабой дзяцей, гэта проста шакуе.

Сёлета ў Мінску міліцыянер з Маладзечна Антон Астровец выратаваў аднагадовую дзяўчынку, якая магла зваліцца з акна шматпавярхоўкі. Яе мама ў гэты момант ляжала на дарозе з парэзамі на руцэ. Як паведамляе афіцыйны сайт Міністэрства ўнутраных спраў, жанчына спрабавала пайсці з жыцця.

“РГ” папрасіла пракаментаваць прычыну такіх сітуацый псіхолага Маладзечанскага раённага тэрытарыяльнага цэнтра Алену Камісарук.

Жанчына можа паддацца эмоцыям

Даць дакладны адказ, чаму жанчыны рашаюцца на такія ўчынкі, немагчыма. Калі глядзець на гэта з псіхалагічнага пункту гледжання, найчасцей прычынай могуць быць накопленыя нявырашаныя праблемы.

Жаночая натура вельмі пачуццёвая і эмацыйная. І жанчыны найчасцей ідуць на суіцыд у стане афекту, на піку эмоцый, не асэнсоўваючы да канца, што робіць.

Не бачыць іншага сродку пазбавіць ад пакутаў

Калі ёсць праблема, жанчына можа яе вырашыць тады, калі мае пазітыўны досвед. Гэта значыць, калі яна бачыла, як іншыя вырашаюць падобныя праблемы, напрыклад, бацькі.

Калі ж досведу няма – напрыклад, у жанчын, што сталі сіротамі, гадаваліся ў дзіцячых дамах, – то яны проста не ведаюць, як справіцца. Любая цяжкасць прыводзіць да думак пра суіцыд.

А думае жанчына, асабліва пра маленькіх дзяцей, што без яе яны бездапаможныя: “Калі я не магу памагчы, то каму яны будуць патрэбныя?” І не хоча пакінуць іх на пакуты. Таму яна можа спачатку пагубіць іх, а пасля і сама зводзіць рахункі з жыццём. Бо баіцца пакінуць іх адных.

Жанчына будзе змагацца да апошняга

Найчасцей для жанчыны крокам да суіцыду будзе складанае фінансавае становішча: неаплата дзіцячага садка, нізкі заробак, даўгі.

Звычайна жанчына будзе пераадольваць усё дзеля сваіх дзяцей, па-іншаму не дазволіць мацярынскі інстынкт. Яна развітаецца са сваім гонарам, будзе рабіць усё, што ў інтарэсах дзяцей. Але часам можа проста не бачыць выйсця.

А яно заўсёды ёсць. Проста патрэбны чалавек з боку, які паглядзіць на вашу праблему і дапаможа знайсці яго.

Ёсць адрозненні ў суіцыдальным сцэнары мужчыны і жанчыны. Яна заўсёды падумае пра дзяцей. Ён не будзе думаць пра дзяцей і жонку, а толькі бегчы ад праблемы.

Здаровая моцная асоба, якая ўмее вырашаць праблемы, будзе змагацца да апошняга, нягле­дзячы на абставіны.

Як паспець паўсюль

Гэта не новая праблема, на яе проста пачалі звяртаць увагу і рэагаваць дзякуючы праграмам па абароне правоў жанчын.
У сувязі з хуткім інавацыйным развіццём грамадства развіваюцца новыя патрабаванні да жыцця, само жыццё становіцца іншым – хуткім. Трэба паспець паўсюль.

Разгледзім частую сітуацыю, калі жанчына адна выхоўвае двое дзяцей. Ёй трэба завесці аднаго ў сад, другога – у школу, справіцца па гаспадарцы, зарабіць грошы, плаціць па плацяжах, адзець, абуць, адправіць, як і іншых дзяцей, на экскурсіі. І ўсё гэта трэба тут і цяпер.

А каб паспець усё, трэба разарвацца, яна проста фізічна не паспявае справіцца з усім. Гэта нагнятае напружанне.

Жанчына бяжыць не спыняючыся і не робіць уздыху.

Сучасная жанчына мае вельмі многа роляў. Часам сама яна іх і выбірае. Спрадвечна мужчына здабытчык. Жанчына, седзячы дома, наслухалася папрокаў, што многа траціць, сядзіць дома і нічога не робіць, асабліва калі з малымі дзецьмі. Таму яна хоча незалежнасці. Яна пачынае працаваць і дамагаецца поспеху. Безумоўна, цяпер ёй складана быць такой жа добрай гаспадыняй.

А калі яна імкнецца зрабіць усё, то хутка выгарае эмацыйна. Шэраг праблем нараджаецца, калі не паважаюць працу жанчыны як маці, як гаспадыні, як работніка.

Многія праблемы можна вырашыць, калі звярнуцца па дапамогу своечасова. Фота sodahead.com.

Многія праблемы можна вырашыць, калі звярнуцца па дапамогу своечасова. Фота sodahead.com.

Найчасцей жанчына думае пра смерць, калі сама перажыла страту. Яна вынослівая, і вытрымаць адзін удар лёсу можа. Але калі праблемы накопліваюцца, адной спраўляцца з імі цяжка.

Грубасць, бестактоў­насць мужчыны, ігнараванне яе як жанчыны, пастаяннае прыніжэнне нараджаюць шэраг комплексаў, якія могуць прывесці да рашэння пайсці з жыцця.

Вызначыць для сябе галоўнае

Я схіляюся да таго, што галоўны прыярытэт жанчыны − захоўваць дамашні ачаг і выхоў­ваць дзяцей. Гэта не выключае ўсе шматлікія іншыя ролі, але не трэба іх ставіць на адзін узровень, варта зразумець, што для вас самае галоў­нае.

Калі б жанчына не мела клопату, дзе здабыць, дзе зэканоміць, дзе купіць танней, напэўна, мы бачылі б у сям’і ураўнаважаную шчаслівую жанчыну, якая клапоціцца пра сям’ю.

Як навучыцца рашаць праблемы

Для гэтага і ёсць кансультацыйныя цэнтры, дзе бясплатна і ананімна можа атрымаць кансультацыю кожны, хто ў цяжкай жыццёвай сітуацыі. Часта 1-2 кансультацый дастаткова. Чалавек сам знаходзіць выйсце.

Вялікі ўрон інстытуту сям’і прыносіць сужыцельства, калі людзі сыходзяцца на прынцыпе: не спадабаецца − разбяжымся.

Партнёры не маюць ніякай адказнасці адзін перад адным. І такі саюз заснаваны на жарсці і прыцягненні, а не на павазе і каханні.

Людзі думаюць, як зарабіць грошы, як лепш адзецца, але не думаюць, як захаваць сям’ю.

І паступова сям’я ператвараецца ў вайну, дзе кожны хоча раніць партнёра, каб самазацвердзіцца самому. Каб не дапусціць такога, трэба працаваць над адносінамі, над сабой, разам пера­адольваць цяж­касці. Сям’я − гэта штодзённы кампраміс.

Найчасцей ідуць на суіцыд нецвярозыя

Паводле аналізу суіцыдальных паводзінаў за дзевяць месяцаў Маладзечанскага псіханеўралагічнага дыспансера, сёлета пайшло з жыцця 28 жыхароў. З іх − 22 мужчыны і 6 жанчын. Найбольш распаўсю­джаны спосаб − праз павешанне ці падзенне з вышыні.

− Пераважна сыхо­дзяць з жыцця ў стане алкагольнага ап’янення. Некаторыя ідуць на суіцыд асэнсавана: каб пазбавіцца адзіноты ці ведаючы пра анкалогію. Але гэта адзінкавыя выпадкі, − адзначае медстатыстык Алена Цвяткова.