Разам з мастаком з Астраўца Алегам Драбышэўскім “РГ” ладзіць незвычайную акцыю. Мы прапануем чытачам прыдумаць назвы да дзвюх яго карцін.

Першай адгукнулася чытачка з Маладзечна Галіна Попікава. Яе карціны расчулілі да слёз.

Пачалося ўсё з таго, што яе ўнучка Саша, сямікласніца гімназіі-каледжа мастацтваў, паказала газету і прапанавала свае назвы. Для адной − “Мой родны кут”, для другой – “Зіма ідзе, зіме дарогу”.

Сама ж жанчына абедзве карціны прыняла блізка да сэрца. Адна прыгадала ёй “Вясенні пейзаж”, а вось другая нібы напісаная з дзяцінства:

− Я гляджу і бачу дзяцінства ў вёсцы на Віцебшчыне. У сталінскія часы мы ў тры гадзіны ночы ішлі так па снезе, каб скрасці кармы. Каб хто злавіў, маглі ж бы забіць. Вось і стала для мяне гэта карціна “Сцежкай жыцця”.

Філасофская думка

Чытач Андрэй прапанаваў у каментарах на сайце rh.by свае варыянты:

− Для першай “Астравецкі вэлюм”, − менавіта гэта адлюстроўвае перадвясновы снег, які сімвалізуе імправізаванае вяселле, галоўную ролю ў якім адводзіцца надыходзячай вясне, абуджэнню прыроды ад сну і г.д. Для другой − “Вечны рухавік”, − класіка філасофскай думкі, дзе статыка і дынаміка аб’яднаныя ў адзінае цэлае. Вось ён, чалавек, просты селянін, жыццё-імгненне і імгненне пастаянства. А побач − Беларусь, славутая гісторыя якой складаецца з такіх момантаў-знічак.

Якія назвы абярэ мастак, мы паведамім чытачам пазней.