Прадпрыемства БелТІЗ працуе ў Маладзечне 26 гадоў. За гэтыя гады былі і ўзлёты, і падзенні, кажа дырэктар завода Міхаіл Каляда. Сённяшні стан завода хутчэй можна аднесці да невясёлых старонак яго гісторыі.

Сёння спажыўцамі прадукцыі завода з’яўляецца Мінскі трактарны завод, завод халадзільнікаў, завод “Гомсельмаш”, шэраг расійскіх заводаў. Гэта заводы халадзільнікаў з Саратава, Смаленска, Казані.

– Цяперашняя сітуацыя ў Расіі нанесла дадатковы ўдар па нашым прадпрыемстве. Абва­ліўся рубель − спыніліся заказы на прадукцыю, – кажа Міхаіл Каляда.

Ад 1 лістапада прадпрыемства перайшло на трохдзённы працоўны дзень.

Пра новыя віды прадукцыі ў такіх умовах гаварыць, вядома, не даводзіцца.

Прадукцыя завода неканкурэнтаздольная. Сённяшні рынак апанавалі танныя кітайскія вырабы. На складах ЭНВы цяпер захоўваецца прадукцыі на 7 мільярдаў рублёў.

– Ну не могуць 200 інвалідаў канкураваць з трыма мільярдамі кітайцаў! – кажа дырэктар.

Выжывае прадпрыемства шмат у чым дзякуючы дапамозе цэнтральнага праўлення БелТІЗ. Зборка дэталяў гарантуе 100 мільёнаў дадатковага заробку штомесяц.

Але прадпрыемства не захрасла ў крэдытах. Прадпрыемства мае крэдыту па заробках 300 мільёнаў рублёў, а таксама па зваротнай крэдытнай лініі запазычанасць у ЭНВы – 600 мільёнаў.

Павітацца з кожным за руку – абавязак кіраўніка

Калі яшчэ год таму сярэдні заробак супрацоўнікаў, якія маюць інваліднасць, быў мільён семсот тысяч рублёў, то сёння − 800-900 тысяч рублёў.

Але галоўнае, лічыць Міхаіл Каляда, што пакуль прадпрыемству ўдаецца захаваць свае кадры.

– Мы нікому не адмаўляем, хто хоча прыйсці да нас працаваць. Мы падлічылі, што аптымальная колькасць работнікаў − 200 чалавек.

Сёння ў нас працуе 239 інвалідаў, але мы захаваем кожнае працоўнае месца. І гэта не абмяркоўваецца.

Галоўнай мэтай работы завода Міхаіл Іванавіч лічыць хутчэй не выпуск прадукцыі, а тое, што на заводзе вядзецца сур’ёзная праца па рэабілітацыі інвалідаў.

Міхаіл Каляда прыгадаў выпадак, калі да яго прыйшла жанчына, маці інваліда, з просьбай уладкаваць сына на працу. Хлопец амаль нічога не ўмеў. Ён прыходзіў на працу, каб проста пабыць у калектыве. Але яго маці потым прыхо­дзіла і дзякавала дырэктару  за тое, што даў магчымасць знаходзіцца сыну сярод іншых. Жанчына купляла яму нейкія рэчы за сваю і яго пенсію, але сыну казала, што гэта ён зарабіў. А той вельмі ганарыўся сваім укладам, тым, што ён патрэбны.

Кожны дзень дырэктар пачынае з таго, што праходзіцца па цэху, вітаецца з кожным за руку, пытаецца, у каго якія справы.

– Хаця сітуацыя ў нас няпростая, я не дазволю сваім супрацоўнікам працаваць бясплатна, як амаль прапаноўваюць некаторыя нашы заказчыкі. Рабства ў сябе на прадпрыемстве я не дазволю.

Інваліды па зроку вучацца працаваць на камп’ютары

Сёння на заводзе працуе клас навучання працы за камп’ютарам. Заняткі праводзіць супрацоўнік завода Віктар Жукоўскі. Ён сам невідушчы, але астатніх вучыць працаваць на камп’ютары з нуля, або дапамагае засвоіць нейкую праграму.

Акрамя таго, на прадпрыемстве працуюць чатыры спартыўныя секцыі, пяць гурткоў мастацкай самадзейнасці, жаночы клуб “Гаспадыня”. У клубе “Гаспадыня” вучаць таму, як невідушчаму арыентавацца на кухні, працаваць з бытавымі прыборамі,  гатаваць ежу.

На прадпрыемстве працуе свой радыёпункт. Радыёчасопіс “Энва” расказвае навіны кожную раніцу з 9:30 да 11:00. Вядзе ўсе праграмы ў прамым эфіры псіхолаг і інструктар па сацыяльна-працоўнай рэабілітацыі Таццяна Саўчанка.

– Асаблівай папулярнасцю сярод нашых супрацоўнікаў карыстаюцца праграмы віншаванняў і гараскопы на сёння. Нядаўна стала весці перадачу, якая называецца “Усё да грошай”. У ёй я расказваю прыкметы і розныя спосабы з фэн-шуя, каб прывабіць грошы.

На развітанне дырэктар ЭНВы параўнаў сваё прадпрыемства з хворым чалавекам:

− У сітуацыі, калі жыццёвыя сілы пакідаюць, галоўнае не спыняцца, не апускаць рукі, не легчы. Інакш можна памерці. А калі варушыцца, рухацца, то, верагодней за ўсё, хвароба адступіць. Будзем варушыцца і чакаць, што лепшыя часы ўсё ж наперадзе.