Васьмікласніца Вікторыя Янушкевіч і 11-класнік Павел Сянкевіч летам каталіся на лодцы па возеры, калі раптам пачулі крыкі: “Ратуйце, дапамажыце…”

– Спачатку мне падалося, што гэта хтосьці жартуе, – успамінае той жнівеньскі дзень Павел. – Але, падплыўшы крыху бліжэй, я заўважыў мужчыну, які боўтаўся ў вадзе, трымаючыся за паўспушчаны матрац. На матрацы была жанчына гадоў сарака.

Павел, ні хвіліны не вагаючыся, скочыў са сваёй лодкі, каб дапамагчы людзям, якія трапілі ў бяду. Спачатку ў лодку пасадзілі мужчыну, якія ўжо доўгі час знаходзіўся ў вадзе, потым спалоханую жанчыну.

Як аказалася потым, мужчына і жанчына заснулі на матрацы. Іх цячэннем аднесла недзе за кіламетр ад берага, мужчына прачнуўся ад таго, што матрац пачало спускаць. Яны спачатку самі спрабавалі даплыць да берага, але ў іх не атрымоўвалася.

Гэта вялікая ўдача для іх, што побач аказаліся школьнікі з Гальшанаў.

– Калі мы былі на беразе, і ўся небяспека мінула, мужчына спытаўся нашы імёны і як з намі звязацца. Але так і не патэлефанавалі. Хочацца верыць, што ў іх усё ў парадку, – кажа Павел.

– Чаму пра летнюю гісторыю стала вядома толькі цяпер?

– Мы з Вікай увогуле пра гэта гаварыць не хацелі. Ну што тут такога. Так бы зрабіў кожны на маім месцы, тым больш, што я плаваю нядрэнна. Але ксёндз касцёла, дзе мы былі на экскурсіі, зрабіў усё, каб пра гэта даведаліся ўсе.

– Штосьці змянілася ў вашым жыцці?

– Калі лічыць, што пасля таго, як настаўнікі даведаліся пра мой учынак, сталі адзнакі лепшыя ставіць, то так, жыццё змянілася.

– Лёс з МНС будзеце спрабаваць звязаць?

– Каб бралі без экзаменаў, пай­шоў бы! А так мне больш хочацца жыццё са спортам звязаць.