Веларалі з такой назвай прайшла ў пачатку лістапада ў Маладзечне.
У ралі ўзялі ўдзел 54 чалавекі з Маладзечна, Вілейкі, Лагойска і Мінскага раёна.
Спаборніцтвы праводзіліся па пяці ўзроставых групах. Акрамя велапрабегу, у праграме было і спартыўнае арыентаванне.
Самымі малодшымі ўдзельнікамі былі 10-гадовы Аляксей Іваноў і 11-гадовая Марыя Мяцеліца з Маладзечна.
А самаму старэйшаму ўдзельніку Віктару Дубко з Лагойска споўнілася 66 гадоў.
Усім камандам трэба было выканаць заданне знайсці на картах пікеты і адзначыцца на іх у сакратароў спаборніцтваў.
– Што самае цікавае, – кажа сакратар спаборніцтваў Іна Высоцкая, – нашым удзельнікам мы прапанавалі два маршруты: лёгкі, на 25 кіламетраў, і больш складаны – на 65 кіламетраў. І практычна ўсе ўдзельнікі выбралі больш доўгі і складаны маршрут.
Цікавыя і складаныя маршруты ўдзельнікі ралі выбіраюць ужо 20 год. Менавіта столькі існуе веларалі “Маладзечанская восень”.
У веларалі галоўнае не толькі хуткасць, але і веданне таго, куды едзеш.