Куды знікаюць дыванкі ў гарадскіх лазнях. Чаму гараджанам не хапае пары. Каму небяспечна парыцца ў лазнях. Ці можна вылечыцца ад некаторых хвароб, калі мыцца ў лазні. Шукала адказы карэспандэнтка “Рэгіянальнай газеты”.
У рэдакцыю “РГ” звярнуўся чытач Леанід Раткевіч з Маладзечна. Ён скардзіцца на тое, што лазню па вуліцы Грамадоўскай, былой Кірава, сталі дрэнна паліць, што і памыцца немагчыма:
– Я хаджу ў гэту лазню ўжо больш за 40 гадоў, – заўважае Леанід Раткевіч. – За гэтыя гады ў нас склалася свая кампанія, чалавек 10-15, якія ходзяць на выхадных папарыцца. На мінулых выхадных нам прыйшлося ісці ў лазню па былой вуліцы Энгельса, цяпер Буйніцкага. Але ведаеце – атмасфера там не тая.
Мужчына гаворыць, што раней на падлозе ляжалі дыванкі. Цяпер жа і гэтага няма. Леанід Раткевіч заўважае:
– У лазні гавораць, што гэта наведнікі іх крадуць. Аднак каму яны патрэбныя?
“Незадаволенасць цеплынёй у лазнях выкліканая падаражаннем квіткоў”
Начальнік лазневай гаспадаркі “Камунальніка” Міхаіл Івашкевіч патлумачыў:
– Лазні ў горадзе заўсёды напаленыя добра. Нават калі зайсці туды ў панядзелак, калі ў лазнях выхадны, то можна будзе яшчэ папарыцца. Паводле адпаведнай пастановы, тэмпература ў парылках павінна быць не менш за 75 градусаў на верхняй паліцы. Адпаведную тэмпературу печнікі заўсёды трымаюць. У лазні з фінскай парай – тэмпература ад 80 да 120 градусаў.
Як лічыць начальнік лазневай гаспадаркі, некаторым гэтай тэмпературы не хапае, хочацца яшчэ больш “парку”, таму людзі і скардзяцца.
– Але аднаму ад такой тэмпературы будзе добра, а другі пасля яе і не выпаўзе адтуль, – заўважае Міхаіл Івашкевіч. – Таксама незадаволенасць парай і цеплынёй у лазнях выкліканая падаражаннем квіткоў, цэны павысілі ад 10 кастрычніка. Што датычыцца дыванкоў, то новыя ўжо заказалі, таму хутка іх пасцелюць. Мяркую, яны нядоўга паляжаць – тыдзень-другі − і зноў знікнуць, як ужо бывала. Яны невялічкія, таму вялікай цяжкасці не складае пакласці ў пакет і панесці дадому.
Можна атрымаць інсульт, калі піць у лазні спіртное
Павел Бохан, намеснік дырэктара па медыцынскай рабоце санаторыя “Сасновы Бор”, адзначыў:
– Асноўнае ўздзеянне лазні аказваюць на сардэчна-сасудзістую сістэму, у людзей павышаецца ціск. Таму хворым на гіпертанію чацвёртай, трэцяй, а часам і другой ступеняў трэба быць асцярожнымі. Варта быць пільнымі і людзям з гіпатаніяй, ці паніжаным ціскам. Падчас мыцця ў лазні сасуды расшыраюцца, таму ціск у іх зусім можа ўпасці, а адсюль узнікае галавакружэнне, млоснасць. І ўвогуле можна страціць прытомнасць.
Намеснік дырэктара па медыцынскай рабоце раіць людзям, якія не прывыклі да лазні, прызвычайвацца паступова.
– Пачынаць трэба з кантрасных працэдур. Паступова рыхтаваць сасуды. Праз некаторы час можна мыцца ў лазні з невысокай тэмпературай. Калі ж чалавек адчувае сябе камфортна, то можа пераходзіць на мыццё ў рускай лазні, дзе тэмпература вышэйшая. Але заўсёды трэба звяртаць увагу на сваё самаадчуванне.
Калі ж становіцца дрэнна, не трэба перасільваць сябе і заставацца ў лазні. Лепш выйсці ў прылазнік, дзе меншая тэмпература паветра, або выйсці на свежае паветра.
Доктар адзначае:
– Мыццё ў лазні не можа пазбавіць чалавека ад хваробы. Каб вылечыцца, трэба комплекснае лячэнне, прыпісанае доктарам, якое магчыма дапаўняць працэдурамі ў лазні. Аднак і лячэнне, і працэдуры павінен падбіраць індывідуальна доктар.
– Лячыць трэба не хваробу, а хворага, – падсумоўвае медык.
Ёсць распаўсюджаная думка, што мыццё ў лазні дапамагае пахудзець. Аднак Павел Бохан заўважае:
– Калі ў чалавека ёсць праблемы з лішняй вагой, значыць, парушаныя абменныя працэсы. І таму толькі адно мыццё ў лазні не можа пазбавіць ад праблемы. Трэба комплекснае лячэнне, кансультацыя спецыяліста. Але калі мыццё ў лазні спалучаць з іншымі сродкамі, то праблему магчыма вырашыць.
Доктар не раіць браць з сабой у лазню спіртныя напоі ні ў якім выпадку. Гэта можа прывесці да інсультаў, гіпертанічных крызаў. Лепш піць чай, гарбату, мінеральную ці гатаваную ваду.
Тэматычную старонку пра лазні з падборкай рэкламы крамаў для аматараў і лепшых месцаў, каб папарыцца, чытайце ў №46 за 14 лістапада.
Як святар мыўся ў лазні са шкіпінарам, што смурод стаяў яшчэ тыдзень