Вынікі раённага конкурсу фотаздымкаў і малюнкаў “Беларусь гасцінная” падвялі ў Маладзечанскім цэнтры творчасці дзяцей і моладзі “Маладзік”. Цырымонія ўзнагароджання пераможцаў адбылася 15 лістапада.

Рознабаковасць тэмы дазволіла ўдзельнікам прадставіць родны край у незвычайных вобразах, асобах, постацях і будынках, дало магчымасць паказаць неабсяжную прыгажосць, гармонію і ўнікальнасць нашай краіны. У выніку арганізатары конкурсу атрымалі мноства непадобных і крэатыўных работ, якія з самых нечаканых ракурсаў, граняў і пунктаў гледжання раскрылі ўсю самабытнасць нашай краіны.

На конкурс было прадстаўлена 77 фотаздымкаў і 34 малюнка ў некалькіх намінацыях: “Архітэктурныя каштоўнасці нашай рэспублікі”, “Прыгажосць прыроды роднага краю” і “Святы Беларусі”. І кожная з іх знайшла сваіх пераможцаў.

− Мне вельмі падабаецца тэма, якую выбралі для гэтага конкурсу. Безумоўна, Яна звязана з тым, што 2014 − Год гасціннасці. І, мне здаецца, гэта рыса ўласцівая кожнаму беларусу, − дзеліцца сваімі думкамі пераможца конкурсу фатаграфій Юлія Стрыга.

На свята сабраліся адораныя навучэнцы, іх педагогі і бацькі, каб парадавацца поспехам і дасягненням. А падтрымліваць святочны настрой дапамагалі выступленні юных спевакоў з “Маладзіка”.

Найбольш актыўнымі ўдзельнікамі конкурсу былі навучэнцы цэнтра творчасці дзяцей і моладзі “Маладзік”, Красненскай, Турэц-Баярскай, Аляхновіцкай сярэдніх школ, СШ№4 і 14. Прадстаўнікі менавіта гэтых устаноў адукацыі часцей за іншых падымаліся на сцэну для ўзнагароджання дыпломамі і каштоўнымі прызамі аддзела адукацыі, спорту і турызму.

− Я рады, што стаў адным з пераможцаў, бо гэта мая першая работа, якую так высока ацанілі. Значыцца, я іду ў правільным накірунку, − падзяліўся ўражаннямі Уладзіслаў Адамейка, які атрымаў дыплом 2 ступені за малюнак “Вось мая вёска” ў намінацыі “Прыгажосць прыроды роднага краю”.

Лепшыя працы ўдзельнікаў конкурсу будуць дэманстраваць у Маладзечанскім цэнтры творчасці дзяцей і моладзі да канца снежня.