У панядзелак, 17 лістапада, узбудзілі крымінальную справу за захоўванне наркатычных сродкаў у адносінах да 24-гадовага мужчыны.

Месяц таму пры праверцы аператыўнай інфармацыі ў кватэры ў Вілейцы затрымалі гэтага маладзёна. У яго пры сабе была палімерная бутэлька з мутнай вадкасцю.

Яе забралі і адправілі на экспертызу. Эксперты ўстанавілі, што ў бутэльцы знаходзіўся экстракт опію, распавёў намеснік начальніка РАУС начальнік міліцыі грамадскай бяспекі Андрэй Дударчык.

Мужчына можа быць пакараны абмежаваннем волі на тэрмін да пяці год або пазбаўленнем волі на тэрмін ад двух да пяці год.