Адным са старажытных паселішчаў смаргонскага краю з’яўляецца мясціна з красамоўнай назвай Вялікая Мыса.

І хоць першую частку назвы сталі ўжываць толькі з пазамінулага  стагоддзя, аднак па сваёй багатай і ўнікальнай гісторыі Мысу па праве можна назваць Вялікай.

Пра лёс мясціны, якая існуе больш за пяць стагоддзяў, распавядае пастаянны аўтар спецпраекта “РГ” “Куфэрак”.

У дубовай скрыні ў мураваным склепе

 У 1414 годзе вялікі князь Вітаўт сваім прывілеем пацвердзіў “Зяновію Братошычу спадчынныя маёнткі: Мысу, Чардлёну, Вішнева на возеры Спягла, Чачэлічы з людзьмі на возеры Нарач, у павеце Мядзельскім і Маркаўскім”. Дароў­ная грамата ў арыгінале да нашых дзён не дайшла, але мы маем яе спісы і сведчанні пра яе існаванне з пачатку 17 стагоддзя.

У гэтым прывілеі таксама паведамлялася, што ўсе пералічаныя там маёнткі раней дараваў Ягайла бацьку Зяновіча, а цяпер толькі пацвяр­джалі сыну права на іх. Брэсцкі ваявода Кшыштаф Зяновіч у сваім духоўным тэстаменце ад 1611 года наказвае дзецям берагчы гэты дакумент, які знаходзіўся “ў дубовай скрыні ў мураваным склепе” ў Смаргоні, галоўным маёнтку Зяновічаў.

Частку ракі Оксна называлі Мыса

Пазнейшыя даследчыкі адзначалі, што займалі спадчынныя маёнткі вялікую прастору паміж рэкамі Прыпяць, Дзісна і Мыса. Трэба адразу ўдакладніць месцазнаходжанне апошняга гідроніма, бо ён з’яўляецца яшчэ адным сведчаннем таго, што гаворка ідзе пра нашу старонку.

На тэрыторыі былога Вялікага Княства Літоў­скага існуе некалькі рэк з назвай Мыса ці Муша, але яны адносяцца да глыбінкі суседняй сучаснай Літоўскай дзяржавы. У той жа час добра вядомая сёння ўсім нам рака Оксна ад сваіх вытокаў і да сярэдняй часткі цячэння захоўвала першапачатковую назву Мыса ажно да пачатку 20 стагоддзя. Гэта пацвяр­джаюць не менш як чатыры розныя тапаграфічныя карты мінулых стагоддзяў. На адной з іх нават пазначана, што каля вёскі Караваі рака мае назву “р. Мыса”, а ад вёскі Васілевічы нанесена назва “р.Оксна”.

Таксама ў спісе населеных месцаў Віленшчыны ад 1905 года адзначана, што на рацэ Мысе ляжалі смаргонскія паселішчы Мыса, Караваі, Галяшонкі і Васілевічы, а млын Малая Мыса ўжо знаходзіўся на рацэ Оксна.

Мыза – асобны маёнтак з гаспадаркай

Патрабуе расшыфроўкі сам тапонім Мыса. У сярэднявечнай Прыбалтыцы і зрэдку на нашых землях “мызамі” называлі асобна стаячыя маёнткі з гаспадаркай. У нашым выпадку Мыза з’яўлялася адміністрацыйна-тэрытарыяльнай часткай галоўнай сядзібы Зяновічаў у Смаргоні.

Магчыма, пра гэта сведчыць і той факт, што да Другой сусветнай вайны маёнтак Вялікая Мыса быў ізаляваны ад аднайменнай вёскі і іншых суседніх  паселішчаў. А гарадзішча, якое ўзвышаецца паблізу маёнтка, распавядае не толькі пра старадаўні і далетапісны час мясціны. Яно вызначае цэнтральны пункт усяго наваколля.

Гаспадары з татарскага роду

Зяновічы становяцца першымі вядомымі гаспадарамі гэтага маляўнічага кутка Смаргоншчыны. На змену ім у канцы 16 ці пачатку 17 стагоддзя сюды прыхо­дзяць прадстаўнікі татарскага роду Базарэвічаў. У гэты час вакол Крэва закладаюцца моцныя татарскія асады, уласнікі якіх павінны былі абараняць муры Крэўскага замка пры ваенных нападах. Уладанне Мыса ўваходзіць у гэты створаны ахоўны пас вакол стратэгічна важнага месца ВКЛ.  

Продкам князёў Базарэвічаў стаў у канцы 16 стагоддзя нейкі Базар Мартузіч. Сынам гэтага Базара быў Ях’я, уласнік Оскаў і часткі Мысы ў Ашмянскім павеце. У рэвізіі татарскіх уладанняў з 1631 года яго сыны запісаныя як агульныя ўладальнікі пералічаных паселішчаў. Базарэвічы абавязаныя былі несці вайсковую службу ў харунжастве Кандрацкай харугвы і выстаўляць трох коней. Адзін з князёў у 1658 го­дзе фігуруе ў каронных вайсковых спісах.

Прадстаўнікі гэтага роду яшчэ ў 1690 годзе пазначаныя ў падымным рэестры Віленскага ваяводства. Ім належала ў крэўскай парафіі Мыса “Алешкаўшчына”. Варта адзначыць і той факт, што суседнімі маёнткамі валодаюць прадстаўнікі іншых татарскіх родаў.

У Міхнічах гаспадарыць князь Давід Булгак, а ў Мысакоўшчыне шчыруюць татары Курмановічы. На старонках падымнага рэестра таксама зафіксаваны ўласнік Мігуляў пан Ходзька, які праз некаторы час стане наступным уладальнікам Мысы.

З тых далёкіх часоў ад былых татарскіх гаспадароў захавалася да нашых дзён толькі тапанімічная назва Базары, як адна з частак вялікага маёнтка Базарэўскіх.

Палац у Мысе ў 1916 годдзе. Фота забяспечана Уладзімірам Прыхачам.

Палац у Мысе ў 1916 годдзе. Фота забяспечана Уладзімірам Прыхачам.

Ходзькі – гаспадары Мысы

Пакуль невядома, хто з Ходзькаў і калі дакладна стаў гаспадаром Мысы. Ёсць звесткі, што ім мог стаць абозны і суддзя гродскі, соймавы пасол і падстароста ашмянскі, шляхціц гербу “Касцеша” Андрэй Міхал Ходзька-Барэйка.

Тут у 1720 годзе ў яго нарадзіўся сын Ігнат Ходзька, вядомы ў далейшым польскі пісьменнік і прапаведнік. У 19-гадовым узросце ён далучаецца ў Вільні да езуітаў, становіцца доктарам філасофіі і тэалогіі. Працаваў настаўнікам малодшых класаў у Гародні, Віцебску і Полацку, прапаведнікам у Вільні, настаўнікам рыторыкі ў Варшаўскім шляхецкім калегіуме.

Пяць год яго жыцця былі звязаныя з Рымам, пасля вяртання на Радзіму ён становіцца рэктарам езуіцкага калегіума спачатку ў Навагрудку, а потым у Жодзішках.

Пасля скасавання ордэна езуітаў і ліквідацыі жодзішкаўскага калегіума ў 1773 годзе Ігнат Ходзька быў накіраваны адміністратарам дома святога Казіміра ў Вільні. Памёр у 1792 годзе. Сабраў каштоўную бібліятэку, пакінуў дзве трагедыі на польскай мове, пераклад баек Федра для школ, якія ў 1774 годзе надрукавалі ў віленскай друкарні.

Ходзькі падтрымалі ўніяцкага святара

Заслугоўвае нашай увагі і другі прадстаўнік гэтага вядомага шляхецкага роду Казімір Барэйка-Ходзька. Атрымаўшы па спадчыне ад свайго бацькі Андрэя Ходзькі маёнтак Мысу, Казімір Барэйка-Ходзька быў знанай на той час асобай.

Абозны Ашмянскага павета ў 1778 годзе, лоўчы таго ж павета ад 1783 да 1796 года, камісар грамадзянска-вайсковай камісіі староства ў 1789 годзе, люстратар і суддзя земскі Ашмянскага павета. Кавалер ордэна святога Станіслава па дыпломе ад 7 кастрычніка 1797 года, ён валодаў, акрамя Мысы, маёнткам Лоша з фальваркам Мазурышкі на мяжы сучасных Ашмянскага і Астравецкіх раёнаў.

З яго імем звязаны “Фундушовы запіс Казіміра Барэйкі-Ходзькі Мыскай царкве на зямлю і грашовыя сумы”. Дадзены дакумент напісаны па-польску 14 мая 1778 года ў Вільні.

У ім абозны Ашмянскага павета Казімір Барэйка-Ходзька бачачы, што з прычыны недастатковага ўтрымання  “парафіяльнай царквы рускага абраду, з касцёлам рымскім злучаным, пад назвай Успення Прасвятой Багародзіцы Марыі, здаўна ад незапамятных часоў уфундаваны” сапраўдным запісам да былой царкоўнай зямлі дадаваў яшчэ 30 моргаў і 80 злотых. А яшчэ  пяць працэнтаў з капіталу ў 2000 злотых, працэнты з карчомнага прыбытку.

Тагачаснаму мясцоваму ўніяцкаму святару Ануфрыю Карніловічу і яго наступнікам з гэтай нагоды прыпісвалася адпраўляць штогод 12 службаў у царкве.

Духоў­ніку пацвярджаўся ранейшы вольны ўваход у пушчу для нарыхтоўкі дрэва для будоўлі і апальвання.

Яму дазвалялася кожны тыдзень без усялякай меры і чаргі малоць у панскіх млынах, давалася магчымасць вырабляць піва і гнаць гарэлку, але толькі для сваіх уласных патрэб, а на ставе ў Малой Мысе лавіць рыбу.

Пры сакратару Агінскага былі два водныя каналы

Сярод нашчадкаў Казіміра Ходзькі найбольш праславіўся ўнук Леа­нард Ходзька (1800-1871) − вядомы гісторык, публіцыст, выдавец, сябра многіх навуковых таварыстваў і актыўны грамадскі дзеяч на эміграцыі.

Як асабісты сакратар Міхала Клеафаса Агінскага, ён дапамагаў  весці справаводства, спрыяў выхаду ў свет яго мемуараў.

Дзякуючы сваім някепскім мастацкім здольнасцям захаваў для нашчадкаў выгляд залескай сядзібы, намаляваўшы ў 1822 годзе краявід “Паўночных Афін”.

Жменька фактаў пра Мысу знаходзіцца ў вопісе Смаргонскай парафіі Ашмянскага дэканата з 1784 года. Яснавяльможнаму пану Ходзьку належаць двор і вёска Мыса, вёска Малая Мыса і Глінна.

Пазначаны ў вопісе два ставы, адзін пры яго двары Мыса і адзін пры карчме Малая Мыса.

Каля маёнтка ў той час былі два водныя каналы. Што цікава, пра Мысу ўзгадвае і пробашч крэўскай парафіі, але не так грунтоўна і падрабязна.

Фрагмент карты 1869 года. Фота забяспечана Уладзімірам Прыхачам.

Фрагмент карты 1869 года. Фота забяспечана Уладзімірам Прыхачам.

Частку маёнтка атрымалі Букатыя з Ашмянаў

Ад былых уладальнікаў Ходзькаў маёнтак Мысу набываюць у 1796 годзе шляхціцы герба “Памян” Букатыя. Па звестках сучаснага даследчыка радаводаў ашмянскай шляхты Васіля Юршы, адна з частак маёнтка ў 19 стагоддзі належыць гродскаму суддзі Ашмянскага павета, ашмянскаму віцэ-маршалку Яну Букатаму.

У шлюбе з Малгажатай Кабылінскай-Бе­ль­скай у іх нараджаюцца сыны Юзаф, Аляксандр, Міхал і Раму­альд.

Рамуальд Букаты − вайсковец і патрыёт

Вядома, што ў Мысе 7 лютага 1804 года з’явіўся на свет Рамуальд Букаты. Закончыўшы школу ў Вільні, ён 20 студзеня 1817 года становіцца кадэтам у трэцім палку Літоўскіх уланаў.

Паручнік Рамуальд Букаты прымае актыўны ўдзел у паўстанні 1831 года і за мужнасць 26 мая атрымоўвае срэбны крыж “Віртуці Мілітары”.

Пасля падаўлення паў­стання выехаў спачатку ў Галіцыю, потым у Францыю. Па сведчанні паэта Адама Міцкевіча, у 1855 годзе капітан Букаты кіраваў эскадронам конніцы ў другім палку казакоў у Турцыі. Перад паўстаннем 1863 года вярнуўся ў Мысу.

У Мысе будуюць шыкоўны палац

У 1867 годзе яго брат Міхал Букаты валодае маёнткам Шыманова, а другому брату Аляксандру належыць маёнтак Мыса. Менавіта з імем Аляксандра Букатага, суддзі ашмянскага павета ў 1840 годзе, звязана развіццё спадчынных уладанняў і, магчыма, пабудова новага шыкоўнага сядзібнага палаца.

Вельмі каштоўныя звесткі пра Мысу змешчаныя ў “Слоўніку геаграфічным Караўлеўства Польскага і іншых славянскіх краін”, які быў надрукаваны ў 1885 годзе. Яны маюць каштоўнасць і таму, што іх сабраў і па­дзяліўся з рэдакцыяй слоў­ніка сам гаспадар Аляксандр Букаты. На той час маёнтак Мыса ўваходзіў у другі паліцэйскі ўчастак крэўскай гміны.

У склад аднайменнай вясковай акругі ўваходзілі вёскі Мыса, Лапціха, Глінна, Базары, Панара, Плешышкі, Татаршчына, Міхнічы, Мыксы і засценак Савонькі.

Сам маёнтак з фальваркам Малая Мыса і Ульяна мелі агулам 924 гектары зямлі. У тым ліку 565 гектараў сасновага лесу, 288 гектараў ворыва, 45 гектараў сенажаці.

Меліся тут бровар, фабрыка па вытворчасці шкіпінару і дзёгцю, вялікі водны млын.

Вялікая Мыса на фрагменце карты першай паловы 20 стагоддзя. Фота забяспечана Уладзімірам Прыхачам.

Вялікая Мыса на фрагменце карты першай паловы 20 стагоддзя. Фота забяспечана Уладзімірам Прыхачам.

У Мысе ёсць цудатворны абраз

Вось яшчэ некалькі фактаў з мясцовага жыцця той пары. У маі 1886 года гаспадар атрымаў ад страхавога таварыства “Якар” выплату ў памеры 34 рублі 38 капеек за шкоду, якую нанёс пажар у яго ўладанні Малая Мыса. Збіраючы звесткі для “Археалагічнай карты Віленскай губерні”, якая была надрукаваная ў 1893 го­дзе, не мог абмінуць Мысу і вядомы гісторык Пакроў­скі.

Паводле інфармацыі Спаса-Праабражэнскай царквы ў Суцькаве Іаана Канцэвіча, які таксама абслугоўваў прыпісную мыскую царкву, на старонкі археалагічнага выдання трапілі наступныя звесткі: “Мыса, 43º54´ − 54º25´ (на самой справе каардынаты Мысы наступныя: 54º40´ − 26º33´, – заўвага аўтара), Крэўскай воласці Ашмянскага павета.

У палове вярсты ад Мысы, па дарозе ў Караваі, ёсць вялікі, шарападобнай формы насып, на верхняй роўнай пляцоўцы якога ўладкаваныя сучаснымі ўладальнікамі фамільныя могілкі.

У Мыскай прыпісной царкве ёсць цудатворны абраз Божай Маці, на ўшанаванне якога 15 жніўня сыходзяцца ў вялікай колькасці  нават вернікі з іншых прыходаў”.

Старасвецкі тыповы двор

У трэцім томе “Ашмянскага павета”, які пабачыў свет у 1898 годзе, вядомы краязнаўца Чэслаў Янкоўскі адзначаў: “Ніжэй Смаргоні знаходзіцца Мыса, прыгожы маёнтак са старасвецкім тыповым дваром, уласнасць на працягу 100 гадоў Букатых. Гаспадарыць сёння тут удава Аляксандра Букатага”.

Складзены Гашкевічам ў 1905 годзе па афіцыйных дадзеных “Поўны спіс населеных месцаў Віленскай губерні” паведамляў, што Букатым у Смаргонскай воласці належалі фальварак Мыса і млын Малая Мыса, а ў Крэўскай воласці ляжалі маёнткі Шыманова і Вялікая Мыса. У апошнім паселішчы жыло ў той час 36 мужчын і 46 жанчын, валасное праўленне было ў адлегласці 10 вёрст, а  чыгуначная станцыя Смаргонь знаходзілася за 11 вёрст ад маёнтка.

Палац ў Мысе, зіма 1915-1916 гадоў. Фота забяспечана Уладзімірам Прыхачам.

Палац ў Мысе, зіма 1915-1916 гадоў. Фота забяспечана Уладзімірам Прыхачам.

Фота Мысы набылі на замежным аўкцыёне

Наступная старонка гісторыі Мысы звязаная з трагічнымі падзеямі Першай сусветнай вайны, калі старажытнае паселішча спазнала горкі лёс акупацыі. Ад верасня 1915 года да лютага 1918 у маёнтку гаспадараць кайзераўцы.

Па фотаздымках Мысы, якія выканалі нямецкія фатографы 261-263 рэзервовых пяхотных палкоў 79 рэзервовай дывізіі, можна сёння не толькі ўзнавіць выгляд сядзібы Букатых, але і прасачыць ход яе разбурэння.

Такую магчымасць даў вядомы сталічны даследчык і фотамастак Уладзімір Багданаў, які набыў рарытэтныя фотаматэрыялы таго часу на замежных аўкцыёнах і шчыра падзяліўся імі.

Зробленыя з удалых ракурсаў, гэтыя фатаграфічныя дакументы даюць нам магчымасць пабачыць ва ўсёй прыгажосці палац Букатых. Драўляны сядзібны дом быў пабудаваны ў класічным стылі. Да высунутай наперад сярэдняй часткі на галоўным двухпавярховым цэнтральным фасадзе прылягаў порцік з шасцю калонамі. Будынак накрываў двухсхільны дах над цэнтральнай часткай і трохсхільны гонтавы дах над бакавымі крыламі.

Заслугоўвае ўвагі размешчаная побач пабеленая мураваная пабудова са скразной галерэяй на цэнтральным фасадзе. Пакрытая яна была чатырохсхільным дахам. Перад ганкам ­– авальная пад’язная дарожка са жвіру, па баках якой было выкладзена камянямі.

Маёнтак з заходняга і паўночнага бакоў акружаў парк. Дом атачалі старыя пасадкі, якія складаліся пераважна з таполяў і елак, былі і куставыя пасадкі. Да жылых будынкаў з Караваяў вяла шырокая ліпавая алея, другая прысада была закла­дзеная ў бок Глінна. Гаспадарчы двор змяшчаўся з левага ад палаца, паўднёвага накірунку, дзе праглядаюцца іншыя пабудовы з цікавым архітэктурным рашэннем.

Алея каля маёнтка ў Вялікай Мысе. Фота зробленае ў 1916 годзе, падчас Першай сусветнай вайны. Фота забяспечана Уладзімірам Прыхачам.

Алея каля маёнтка ў Вялікай Мысе. Фота зробленае ў 1916 годзе, падчас Першай сусветнай вайны. Фота забяспечана Уладзімірам Прыхачам.

Мішэнь для абстрэлаў

На іншых фотаздымках паказанае паступовае занядбанне палаца, якое звязанае, магчыма, з тым, што для штабнога камандавання пабудавалі моцныя бетонныя схроны, і вайскоўцы перабазіраваліся ў іх. Палац становіцца прыцягальнай мішэнню пры артабстрэлах, і гэта таксама адбілася на яго стане.

Спачатку відаць, што вокны часткова губляюць шкло, потым мы бачым іх без шыбаў, зніклі дзверы і, нарэшце, бачна, як нямецкія вайскоўцы расцягваюць рэшткі сцен і даху палаца.

На адваротным баку апошняй фотакарткі добра чытаецца паштовы штэм­пель – 17 сакавіка 1917 года. Ім пазначаны ліст нямецкага салдата, які ён выслаў да сваіх родных у Берлін. Сам фотаздымак мог быць зроблены раней.

У любым выпадку, па­дзеі Першай сусветнай вайны сцерлі з твару смаргонскай зямлі адзін з найвыдатнейшых мясцовых твораў архітэктуры і матэрыяльны напамін пра род Букатых. У полымі таго ваеннага ліхалецця загінула і мыская царква.

Пабудова для дызенфекцыі, 1916 года. Фота забяспечана Уладзімірам Прыхачам.

Пабудова для дызенфекцыі, 1916 года. Фота забяспечана Уладзімірам Прыхачам.

Апошні гаспадар Мысы

Уладальнікам Мысы ў міжваенны час мінулага стагоддзя стаў Яўстафій Карп. Як сведчаць мясцовыя жыхары, паходзіў ён з латышоў. Ажаніўшыся з Аляксандрай з дому Букатых, атрымаў большую частку тутэйшых зямель.

У народнай памяці захаваліся звесткі яшчэ пра аднаго “барына”, які  вярнуўся сюды пасля Мікалаеўскай вайны і жыў у цагляным доме каля маёнтка.

Пасля вайны Яўстафій Карп аднавіў сядзібны дом, які быў больш сціплы, паставіў іншыя пабудовы, заклаў моцную гаспадарку.

Апрацоўвалі зямлю, даглядалі жывёлу сем’і парабкаў з так званых “чваракоў” (баракаў) каля сядзібы. Па звестках 1929 года, Яўстафій Карп валодаў 860 гектарамі зямлі, трымаў цагельню. Па перапісе 9 снежня 1931 года маёнтак Вялікая Мыса ўваходзіў у крэўскую вясковую гміну Ашмянскага павета і складаўся з пяці жылых пабудоў, у якіх жыло 75 чалавек.

Прадбачыўшы небяспеку для буйных землеўласнікаў новай вайны, Яўстафій загадзя распрадае зямлю мясцовым людзям, збывае гаспадарку каля Шыманова. Пасля верасня 1939 года разам з жонкай і сынам Улюткам з’язджае ў Польшчу.

Нямецкая фартыфікацыя і гарадзішча, 7 лістапада 2011 года. Фота забяспечана Уладзімірам Прыхачам.

Нямецкая фартыфікацыя і гарадзішча, 7 лістапада 2011 года. Фота забяспечана Уладзімірам Прыхачам.

Двойчы зруйнаваная сядзіба

Новазбудаваны сядзібны дом быў паўторна зруйнаваны ў выніку пажару. Да сёння захаваліся толькі рэшткі яго падмурка. Іншыя гаспадарчыя і жылыя пабудовы часткова выкарыстоўваў мясцовы калгас і базавая школа да закрыцця ў маі 2006 года.

Толькі будынак школьнай майстэрні, які летам 2007 года перадалі прыходу суцькаўскай царквы, сёння прыносіць карысць і застаецца жывым сведкам мінуўшчыны.

У гэтай сувязі закрану лёс яшчэ адной пабудовы Мысы пасляваеннага перыяду. Будынак мясцовага клуба, які памерам нагадвае сядзібны дом. На самой справе яго пабудавалі з матэрыялаў Аславяняцкага касцёла Святога Яна Хрысціцеля.

Пасля закрыцця ў сярэдзіне 60-х гадоў мінулага стагоддзя хрысціянскай святыні ў Аславянятах мясцовае чынавенства вырашыла з яго зруба пабудаваць клуб у Вялікай Мысе, што хутка і зрабілі.

Тое, што некалі рабілі пад прымусам, бесчалавечна, без згоды і дазволу вернікаў, не знайшло працягу жыцця. Клуб 1 чэрвеня 2004 года закрылі, будынак разабралі і на гэтым паставілі апошнюю кропку ў лёсе былога аславяняцкага касцёла.

Адразу прыгадалася падобная гісторыя закрыцця стараверскай царквы ў недалёкай Слабадзе. Калі з яе быў пабудаваны сельскі клуб у Монтацішках, падчас навальніцы ў будынак трапіла маланка. Вернікі ўспрынялі такі знак як “Божую кару за разбурэнне святыні”. Сёння і ў той старонцы клуб перастаў існаваць.

Як гэта неаднойчы было, што не знішчыла рука часу, войны і пажары, знішчыла галеча, апатыя і абыякавасць.

Створанае чалавекам цягам некалькіх стагоддзяў заняпала, а засталося створанае богам – цудоўная маляўнічая мясцовасць з прыгожай прыродай ваколіц.

Перагарнулі 600-гадовую старонку гісторыі Мысы, наперадзе напісанне новага летапісу мясціны. Якім ён будзе – залежыць ад нас.