У Кодэкс аб адукацыі плануецца ўнесці змяненні, якія прапануюць замацаваць заканадаўча: зрабіць платнымі яслі для дзетак да трох гадоў і групы для тых дзяцей, якім ужо споўнілася шэсць.

Чарговыя змены, якія могуць увайсці ў дапоўнены Кодэкс аб адукацыі, абмеркавалі падчас “круглага стала”, які прайшоў на базе мінскай гімназіі №22 у лістападзе.

У ім прынялі ўдзел прадстаўнікі галіновага міністэрства, Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці, камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама і педагогі.

Па падліках сума, якую будуць плаціць бацькі, будзе каля 1,5 мільёна рублёў у месяц. Выключэнне складуць дзеці, якім рэкамендавана падоўжыць тэрмін атрымання дашкольнай адукацыі на 1 год па медыцынскіх паказаннях.

Наша чытачка Таццяна Апяцёнак прапанавала простую арыфметыку:

– У маёй знаёмай дзіця паступіла ў гандлёва-эканамічны ка­ле­дж на платнай аснове. Бацькі за навучанне дзіцяці будуць плаціць 11 мільёнаў у год. Другому дзіцяці знаёмай спаўняецца шэсць гадоў у верасні. Яго ў школу не бяруць.  Па новай прапанове міністэрства, з шасці гадоў за сад трэба заплаціць 1,5 мільёна. Адпаведна з шасці гадоў (верасень) да сямі гадоў (верасень) прахо­дзіць 12 месяцаў.

Палічым: 12 месяцаў памнажаем на 1,5 мільёна = 18 мільёнаў. Як гаворыцца, адчуйце розніцу. 18 мільёнаў у садку і 11 за тое, каб атрымаць спецыяльнасць.

Маладзечанка Кацярына Караткевіч гаворыць, што пакуль навіну толькі чытала ў інтэрнэце. У садку пра новаўвядзенні нічога не гаварылі.

– Мы і так ужо вельмі шмат плацім, далей што будзе? А ў мяне двое дзяцей ходзяць у сад. Плюс апякунскія ўнёскі на дваіх. Увесь заробак будзе ісці на садок. Мне як педагогу прасцей дома з імі сядзець і выхоўваць самой, і займацца з імі.

У Маладзечанскім аддзеле адукацыі каментаваць сітуацыю адмовіліся. Галоўны спецыяліст па пытаннях дашкольнай адукацыі Маладзечанскага аддзела адукацыі Наталля Сідарэвіч адказала, што калі будзе прапанова зацверджаная заканадаўча, тады і можна будзе пра гэта гаварыць.