Неабыякавая жыхарка горада Марыя Байкова гаворыць пра тое, што на шэраг пытанняў па будаўніцтве двух свінакомплексаў ніхто не дае адказу. 

– У каго ні запытайся, людзі пра гэта не ведаюць, – тлумачыць Марыя Вікенцьеўна. – Што будаўніцтва плануюць распачаць ужо праз некалькі месяцаў, што ўжо і пляцоўка гатовая. Ці хочам гэтага мы, народ, ніхто не пытаецца. Нас проста ставяць перад фактам, што будаўніцтву быць.

Да 30 лістапада любы ахвотны можа прачытаць справаздачу, як спецыялісты ацэньваюць уздзеянне свінакомплексаў на навакольнае асяроддзе. Яна размешчаная на афіцыйным сайце райвыканкама.

Пытанні, якія ставіць Марыя Байкова:

1. Ружа вятроў. Ці будуць ісці на горад пахі?

Меркаванае будаўніцтва аднаго са свінакомплексаў ­– у 18 кіламетрах, каля вёскі Соўлава. Другога – у трох кіламетрах ад горада – каля вёскі Мойсічы. Няўжо пахаў магчыма пазбегнуць?

2. Эксплуатацыя комплексаў разлічаная на шмат гадоў. Куды будуць ісці сцёкавыя воды? Як гэта адаб’ецца на экалогіі нашага раёна праз пэўны час?

Жыхарку непакоіць, ці можа гэта адбіцца на стане вады, бо ў Геленове месціцца водазабор.

3. Куды будуць вывозіць такую колькасць гною?

Сто тысяч галоў – гэта больш, чым людзей у горадзе, заўважае чытачка. Плануюць жа пабудаваць два такія комплексы. Значыць, агулам прыбавіцца на 200 тысяч свіней.

Больш за тое, адзначае маладзечанка, з іншага боку горада, на Парашках, будуюць мясакамбінат. А зусім непадалёк ідзе водазабор Крыніца, ваду з якога мы п’ем.

– Дык ці думаюць нашы ўлады пра народ? Нам у гэтым горадзе жыць, нашым дзецям, нашым унукам. Штогод павялічваецца колькасць людзей, хворых на бранхіяльную астму. Цяпер жа можа атрымацца, што мы нават не адкрыем фортку, каб праветрыць памяшканне. І так смог перыядычна вісіць у горадзе. Хто рэгіструе выкіды ў атмасферу? Вось хоць раз хтосьці выступіў і адказаў празрыста і зразумела на ўсе гэтыя пытанні? – задае рытарычнае пытанне спадарыня Марыя.

Для таго, каб утрымліваць такую колькасць свіней каля горада, адназначна будуць праводзіць дызенфекцыйныя мерапрыемствы, мяркуе жанчына. Значыць, будуць выкарыстоўваць хімікаты.

– Куды яны будуць усё гэта дзяваць? На палі? А потым пасля пачнуць вырошчваць там бульбу і прадаваць нам? Атрымліваецца, што горад сонца, культурную сталіцу Мінскай вобласці збіраюцца ператварыць у свінарнік. Самы сапраўдны. З аднаго боку – Соўлава, з другога – Мойсічы, з трэцяга – гіганцкі мясакамбінат. Маладзечна абклалі з усіх бакоў свіннямі. Няўжо не знойдзецца разумны чалавек, які зможа ўзняць гэта пытанне і аднесці комплекс хаця б далей ад горада? – задаецца пытаннем Марыя Байкова.

Жанчына гатовая збіраць подпісы і накіроўваць іх у райвыканкам, дзе на 19 лістапада было толькі тры заявы ад зацікаўленых людзей.

Да 30 лістапада вы можаце накіроўваць свае заўвагі і прапановы па справаздачы аб ацэнцы ўздзеяння свінакомплексаў на навакольнае асяроддзе ў Маладзечанскі райвыканкам: mldkray@mail.belpak.by.

Справаздача аб будаўніцтве ў вёсцы Мойсічы.

Справаздача аб будаўніцтве ў вёсцы Соўлава.

Вы таксама можаце дасылаць альбо прыносіць свае меркаванні ў “Рэгіянальную газету”.

Прайшла экалагічная экспертыза будаўніцтва свінакомплексаў у раёне вёсак Мойсічы і Соўлава

Хто што думае пра магчымыя свінакомплексы каля Маладзечна