Гараджане ўзрушаныя магчымым будаўніцтвам свінакомплексаў каля Маладзечна. Аднак у райвыканкам паступіла толькі тры заявы на гэты конт.

Аб гэтым расказаў намеснік старшыні Маладзечанскага райвыканкама Генадзь Актанаровіч.

Да 30 лістапада маладзечанцы могуць азнаёміцца са справаздачай аб ацэнцы ўздзеяння свінакомплексаў на навакольнае асяроддзе, якая размешана на афіцыйным сайце райвыканкаме. Прывядзём вытрымкі са справаздачы.

Азеляненні засцерагуць ад забруджванняў

У тэксце адзначана, што забруджванне паверхневых вод можа быць як на этапе будаўніцтва, так і ў перыяд эксплуатацыі комплексаў. Падчас будаўніцтва асноўнымі крыніцамі забруджвання будуць вытворчыя і бытавыя сцёкі, хімічныя і механічныя забруджванні з будаўнічых пляцовак. У перыяд эксплуатацыі – выкіды тэхналагічнага абсталявання і транспарту, забруджванне супрацьгалалёднымі рэагентамі, смецце.

Паводле падлікаў устанавілі, што істотнага забруджвання паветра не будзе. Дапамогуць пазбегнуць гэтага зялёныя насаджэнні каля свінакомплексаў. Яны дапамогуць выключыць развіццё эрозіі ў грунце, а таксама палепшыць яго. Азеляненні дапамогуць засцерагчы жылую зону ад атмасферных забруджванняў.

Па заключэнні экалагічнай камісіі, прадстаўнікі жывёльнага і расліннага свету не пацерпяць ад будаўніцтва свінакомплексаў, яны прыстасаваныя да жыцця ў такіх умовах.

Забруджванні ад будаўніцтва будуць, але неістотныя

Адходы, якія будуць збірацца на тэрыторыях свінакомплексаў, плануюць збіраць асобна і своечасова прыбіраць з пляцовак. У спісе мерапрыемстваў, якія будуць мінімізаваць дрэннае ўздзеянне: выкарыстанне герметычных бункераў для захавання кармоў, перавоз рэчываў для дэзінфекцыі ў закрытых цыстэрнах.

Чытачка “РГ” з Маладзечна: “З горада хочуць зрабіць свінарнік”

У падсумаванні справаздачы адзначылі, што стварэнне свінакомплексаў будзе спрыяць выкананню праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця рэгіёна і вобласці. Выкіды ад свінафермаў не павялічаць гігіенічных нарматываў для жылой зоны. Негатыўнае ўздзеянне свінакомплексу на паветра, паверхневыя і падземныя воды, грунт, жывёльны і раслінны свет, на чалавека неістотнае. Рызыку небяспечных сітуацый ацэньваюць як мінімальную.

Спецыялісты робяць выснову, што будаўніцтва свінакомплексаў у Маладзечанскім раёне магчымае.

На свінакомплексах будуць лагуны і вадзяная падушка

Андрэй Шахэміраў, начальнік ўпраўлення дзяржаўнай экалагічнай экспертызы праектаў і аператыўнага кантролю Мінскага абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, заўважыў:

– Свінакомплексы плануюць пабудаваць так, каб на навакольнае асяроддзе выкіды былі мінімальныя. Будзе выкарыстаны досвед іншых краін – установяць лагуны з плёначным пакрыццём. Яны дапамогуць збіраць гной так, каб ён не трапляў у навакольнае асяроддзе.

Андрэй Шахэміраў заўважыў, што надзейней было б, каб лагуны былі жалезабетонныя. Хаця падкрэслівае, што ў краіне не назапашаны досвед, наколькі такія прыстасаванні падвержаныя карозіі.

Спецыяліст абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя гаворыць, што на свінакомплексах змесцяць вадзяную падушку, якая будзе часткова спыняць выкіды ў наваколле.

Прадугледжаная сістэма кропельнага паення і рацыянальнага кармлення

З новаўвядзенняў, якія будуць на свінакомплексах, – сістэма кропельнага паення.

– Пры дапамозе яе кожная свіння можа піць столькі, колькі ёй трэба, – заўважае начальнік упраўлення дзяржаўнай экалагічнай экспертызы праектаў і аператыўнага кантролю Мінскага абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. – Таксама будзе сістэма рацыянальнага кармлення. Пры гэтым кармы будуць збалансаваныя, каб павялічыць прырост свіней.

Андрэй Шахэміраў падкрэсліў, што базавы памер санітарна-ахоўнай зоны – адзін кіламетр. Вёска Мойсічы знаходзіцца ў трох кіламетрах ад Маладзечна, Соўлава – у 18 кіламетрах.

Негатыўны ўплыў на навакольнае асяроддзе будзе

Каардынатар праектаў па адходах цэнтра экалагічных рашэнняў Анатоль Калач пацвердзіў:

– Сапраўды, памер базавай санітарна-ахоўнай зоны − адзін кіламетр. Але гэта ніяк не засцерагае жыхароў навакольных вёсак ад непрыемных пахаў. У большасці выпадкаў, звязаных з такой вытворчасцю, яны непазбежныя.

Ён адзначае, што ў перыяд эксплуатацыі комплексу не абыйсці праблемы з адходамі ад жывёлагадоўлі. Прадугледжана, што пасля каранціну значны аб’ем адходаў ад свінакомплексу будзе размеркаваны па навакольных палетках.

– Хацелася б верыць, – заўважае Анатоль Калач, – што спецыялісты правялі пэўныя разлікі, па якіх распрацаваны сельскагаспадарчы план размеркавання гною. У залежнасці ад гэтага можна сказаць, ці паўплываюць дадзеныя мерапрыемствы на грунтовыя воды і бліжэйшыя водныя аб’екты. Такія значныя аб’ёмы адходаў жывёлагадоўлі могуць мець патэнцыйна значны негатыўны ўплыў на якасць навакольнага асяроддзя.

Анатоль Калач гаворыць, што вельмі важным эколагі лічаць выкарыстанне біягазавых тэхналогій.

– Яны дапамагаюць значна зменшыць уплыў на навакольнае асяроддзе. Гэта дазваляе выпрацоўваць біягаз. Яго можа выкарыстоўваць само прадпрыемства. А таксама гэта зніжае таксічнасць і колькасць адходаў.

Думка чытача: экалогія не пагоршыцца

Адзін з чытачоў, які прасіў не называць яго, лічыць, што найлепшая адлегласць свінакомплексаў ад Маладзечна – 20 кіламетраў.

– Яна аптымальная, – каментуе ён. – Калі бліжэй, то горад праз 50 гадоў абхопяць свінакомплексы. Горад разбудоўваецца ў гэтым накірунку.

На яго думку, экалагічная сітуацыя ў раёне не пагоршыцца пасля будаўніцтва свінакомплексаў. Чытач мяркуе:

 – Базавыя станцыі сотавай сувязі і лініі электраперадач больш уплываюць на экалогію і на чалавека.

Ён не звяртаўся ў райвыканкам з прапановамі, бо асабіста размаўляў з заказчыкамі.