Другую гульню запар футбольны клуб “Смаргонь” прапускае вырашальны гол на апошніх хвілінах.
На хатнім стадыёне 15 лістапада “Смаргонь” прымала сталічную “Зорка-БДУ”.
Першымі пры розыгрышу вуглавога на 28-й хвіліне вызначыліся госці. Праз пару хвілін Мікалай Рындзюк ударам галавой адквітаў гол.
На 45-й хвіліне ён мог зрабіць дубль. Але ўдарыў вышэй варот, як біў пенальці.
У другім тайме ў вароты “Зоркі-БДУ” прызначылі яшчэ адзін пенальці. Яго ўжо ўзяўся выканаць Аляксей Сквярнюк. І быў дакладны. Аднак на 61-й хвіліне госці зраўнялі лік.
Неўзабаве адбылася бойка. Пачалася яна з таго, што пасля спынення гульні сталічны футбаліст ударыў ляжачага смаргонца мячом у твар. Як вынік высвятлення адносін – па адным выдаленні ў абедзвюх камандах.
У самым канцы матчу, у дабаўленыя арбітрам хвіліны “Смаргонь” зноў прапусціла крыўдны гол.
– Дзве каманды гулялі, як кажуць, “ад нажа”, па-сапраўдным у шчыры футбол. Для заўзятараў гульня атрымалася выдатная, а для трэнераў такі футбол называюць “валідольным”, – ацаніў матч галоўны трэнер гасцей Анатоль Шкляр.
Фота Максіма Дзмітрыева, sportnaviny.com.
Зразумела, што галоўны трэнер “Смаргоні” Павел Бацюта быў незадаволены вынікам гульні (цытуе яго афіцыйны сайт клуба):
– Пасля таго як мы павялі 2:1, лічу, што сталі дапускаць шмат памылак у абароне. Гэта прывяло да таго, што сапернік зраўняў лік. Пасля гэтага гульня стала больш адкрытай, у нас былі моманты і ў саперніка былі моманты. Яны свой рэалізавалі – мы не. А што тычыцца нашых турнірных амбіцый, у нас яшчэ ёсць гульня са “Слонімам”, каб рэабілітавацца за гэта крыўднае паражэнне.
Пасля гэтага матчу каманда са Смаргоні пазбавілася шанцаў на трэцяе месца ў першай лізе. А яно давала магчымасць пазмагацца за месца ў вышэйшай лізе.
“Смаргонь” зараз з 45 ачкамі займае чацвёртае месца.