“Я 25 тысяч на пральны парашок узяла, дайце які”, – “Вазьміце капсулы, яны паштучна”, – “Ого, ні разу не купляла, а як яны мыюць?”, – “Усе хваляць, добра адмываюць. Лепш іх бярыце, чым танны парашок”.

На маладзечанскім рынку днём у сераду да павільёна з бытавой хіміяй пакупнікі падыхо­дзілі штохвіліну, калі там былі мы. Гаспадыням рознага ўзросту быў патрэбны розны тавар, і кожная ў выбары раілася з гандляркай Аксанай.

Многіх пакупнікоў асабліва цікавіць новы тавар сярод пральных парашкоў − гелевыя капсулы, якія пры мыцці закідваюць адразу ў барабан машынкі разам з бялізнай, адну капсулу на адну загрузку машынкі.

Але на жаночых форумах з’яўляюцца і адмоўныя каментары на тэму капсул. Праўда, як пасля высвятляецца, гаспадыня памыла капсулай тканіну, якую нельга мыць гэтым сродкам паводле інструкцыі.

Як правільна выбіраць сродкі для мыцця, правільна займацца мыццём бялізны і захоў­ваць рэчы ў добрым стане, чытачам “РГ” дапамагае разабрацца менавіта Аксана.

Навінка сярод пральных парашкоў безумоўна прыцягвае пакупнікоў. Многім проста цікава паспрабаваць новы від тавару.

А ацаніўшы якасць, прымаюць рашэнне, ці дадаваць яго ў арсенал пастаянных сродкаў, якія памагаюць захоўваць чысціню ў доме.

Вельмі зручна, што капсулы можна набыць паштучна. А нават калі набываеш упакоўку, несці дадому іх нашмат зручней, чым 3-5-кілаграмовы пачак парашку.

Параўнаем цэны на мыйны сродак адной фірмы. У выглядзе парашку пачак на тры кілаграмы каштуе 115 тысяч рублёў. Яго хопіць на 20 загрузак машынкі. Упакоўка на 32 капсулы каштуе 150 тысяч рублёў.

Калі прывесці да цаны за адно мыццё, капсула з упакоўкі каштуе 4  687 рублёў, хаця паштучна прадаецца за 6 500. Адна порцыя парашку – 5 750. Адно мыццё з гелевай капсулай абыходзіцца на тысячу танней.

Але калі парашок можна засыпаць столькі, колькі патрабуецца, то капсула мае нязменны аб’ём.

Калі больш уважліва даглядаць рэчы, яны будуць у добрым стане. Фота .photodom.com.

Калі больш уважліва даглядаць рэчы, яны будуць у добрым стане. Фота .photodom.com.

Не лянуйцеся сартаваць бялізну і замочваць яе

Як адзначае Аксана, сродкаў для мыцця становіцца больш і яны ўдасканальваюцца, але выбраць сабе адзін парашок наўрад ці атрымаецца.

− Многія гаспадыні імкнуцца спрасціць сабе жыццё, купляюць адзін ўніверсальны сродак, а пасля скардзяцца, што рэчы ці не адмываюцца, ці разводы, ці хутка псуюцца. Бялізну трэба размяркоўваць па колерах, тыпу тканін − шэрсць, шоўк, бавоўна, лён. Глядзіце на біркі, якія ёсць на кожнай рэчы, там напісана, як яе мыць. І, вядома, парашок ці гель − яго трэба класці столькі, колькі разлічана на вагу загрузкі. У нас жа рэдка якая гаспадыня звяртае на гэта ўвагу.

Часам праз жаданне зэканоміць час у машыну закідваюць рэчы, якія нельга мыць разам, ці перагружаюць машыну.

− Нашы мамы і бабулі мылі ўручную звычайным мылам, кіпяцілі, і адмывалася ўсё нашмат лепш, чым у машынцы-аўтамаце.

Сучасныя гаспадыні могуць патраціць крыху больш часу, каб мыць правільна. Я раю карыстацца спецыялізаванымі сродкамі для далікатных тканін, светлых, цёмных, каляровых.

Нават калі загрузкі для чорнага, напрыклад, у вас нячастыя, гэтыя рэчы дзякуючы спе­цыяльнаму сродку сапраўды застануцца чорнымі.

Калі баіцеся разводаў, бярыце вадкі сродак. Чытайце, ці падыходзіць парашок да вашай тканіны.

Аксана амаль перад кожнай загрузкай спачатку замочвае бялізну з гаспадарчым мылам і толькі пасля загружае ў машынку-аўтамат. Вынік зусім іншы, калі вы аддаяце справе крыху больш увагі, запэўнівае гандлярка.

Чыстая рэч не павінна пахнуць хіміяй. Фота vodavtomske.ru.

Чыстая рэч не павінна пахнуць хіміяй. Фота vodavtomske.ru.

Чым пахне чысціня

Як не нашкодзіць сабе мыйнымі сродкамі, пракаментавала каардынатар праграмы па экалагічна сяброўскім ладзе жыцця Цэнтра экалагічных рашэнняў Дар’я Чумакова:

− Захоўвайце парашкі ў месцы, дзе бываеце рэдка, напрыклад, у кладоўцы, але не ў ванным пакоі. Кладзіце недасяжна для дзяцей, бо сучасныя сродкі пахнуць вельмі спакусліва.

Некаторыя думаюць, што чыстыя рэчы пахнуць марскім брызам ці вясеннім лугам. Чысціня не пахне. Пахнуць хімічныя рэчывы, якія кепска вымыліся, а вы імі дыхаеце.

Я не бачу адрознення паміж гелевымі капсуламі і звычайнымі парашкамі, акрамя зручнасці першых.

Глядзіце на склад сродку. Добра, калі паверхневых актыўных рэчываў менш за 5%, а фасфаты замененыя іншымі мінераламі, якія не шкодзяць экалогіі.

Ці залежыць якасць прадуктаў ад упакоўкі?