Спецыялізаваныя дзіцячыя садкі прызначаныя для дзяцей, якія маюць пэўныя праблемы са здароўем. Праграма такога дзіцячага садка распрацаваная з улікам тых ці іншых праблем і накіраваная на іх ухіленне.
СМАРГОНЬ. Усе садкі ў Смаргоні маюць спецыяліста-дэфектолага, расказала “Рэгіянальнай газеце” намеснік начальніка Смаргонскага аддзела адукацыі Іна Савіцкая. Таму бацькам, чыя дзеткі патрабуюць карэкцыйнай працы, не трэба хвалявацца пра тое, што дзеці застануцца без увагі.
Акрамя таго, у садках №15 і №8 ёсць інтэграваныя групы. У Смаргоні працуе санаторны сад №9. У ім выхоўваюцца дзеці, якія часта хварэюць, маюць захворванні сэрца.
У садку №14 працуе спецыялізаваная санаторная група. У вучэбна-педагагічных комплексах ў вёсках Смаргонскага раёна таксама працуюць дэфектолагі. А ў вёсцы Сасноўка працуе сямейны дзіцячы садок.
МАЛАДЗЕЧНА. Тут працуе спецыялізаваны дзіцячы садок №2 для дзяцей з цяжкімі парушэннямі маўлення. У гэтай установе працуюць шэсць груп, у якіх могуць займацца дзеткі ад 3 да 7 гадоў.
Акрамя таго, на базе іншых дзіцячых садкоў працуюць 12 карэкцыйных груп. Сем з іх – для дзетак з парушэннем зроку, адна для дзетак з затрымкай псіхічнага развіцця, чатыры – для дзяцей з цяжкімі парушэннямі маўлення.
Афармляецца дзіця ў такія групы па заключэнні спецыялістаў цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі. Пра гэта расказала галоўны спецыяліст па пытаннях дашкольнай адукацыі Маладзечанскага аддзела адукацыі Наталля Сідарэвіч.
АШМЯНЫ. У Ашмянах спецыялізаваных дзіцячых садкоў няма, але ў шэрагу агульнаадукацыйных садкоў працуюць інтэграваныя групы. Група, у якой займаюцца дзеці з парушэннямі апорна-рухальнага апарату, працуе на базе дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці ў Ашмянах. Групы для дзетак з цяжкасцямі ў навучанні працуюць на базе ясляў-садкоў №3 і №6. Групы для дзяцей з інтэлектуальнай недастатковасцю працуюць на базе ясляў-садка №6 і Граўжышкінскага дзіцячага садка.
Спецыялізаваныя групы для дзяцей з цяжкімі парушэннямі маўлення працуюць на базе ясляў-садкоў №№1, 3 і 7 і дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці. Для дзетак, якія доўга хварэюць, працуе санаторная група ў яслях-садку №6. Пра гэта расказала галоўны спецыяліст Ашмянскага аддзела адукацыі Жанна Загорская.
АСТРАВЕЦ. У астравецкіх садках працуюць інтэграваныя групы. Спецыялізаваных груп і асобных устаноў для дзетак з парушэннямі ў горадзе і раёне няма. У некаторых дашкольных установах працуюць санаторныя групы.
Пра гэта расказала метадыст па навучальна-метадычным забеспячэнні дзейнасці дашкольных устаноў Астравецкага аддзела адукацыі Ірына Ган.
МЯДЗЕЛ. У Мядзельскім раёне на базе пяці ўстаноў працуюць сем інтэграваных груп для дзяцей з псіхафізічнымі адхіленнямі, паведаміла намесніца начальніка Мядзельскага аддзела адукацыі Святлана Кондра.
Інтэграваныя групы працуюць на базе Мядзельскага навучальна-педагагічнага комплексу дзіцячы сад-школа, у яслях-садку №3, у Крывіцкім навучальна-педагагічным комплексе, Нарачанскіх яслях-садку і дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці курортнага пасёлка Нарач. У гэтых групах займаецца 21 дзіця.
ВАЛОЖЫН. У Валожыне на базе дзіцячага садка №6 працуе спецыялізаваная група для дзяцей з парушэннямі маўлення. А таксама ў цэнтры карэкцыйна-развіццёвага навучання працуе група і клас для дзяцей са шматлікімі цяжкімі парушэннямі.
Пра гэта расказала сацыяльны педагог цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання Таццяна Новік.
ВІЛЕЙКА. У Вілейцы працуюць дзве групы для дзяцей з цяжкімі парушэннямі маўлення. Працуюць гэтыя групы на базе садка №11. Акрамя таго, у горадзе і раёне працуюць дзевяць часовых адаптацыйных пляцовак.
Сэнс працы пляцовак у тым, што бацькі прыводзяць сваіх дзетак у садок, каб яны пазнаёміліся з выхавальнікамі і выхаванцамі груп ранняга ўзросту, пагутарылі, пагулялі.
– Падобныя наведванні дапамагаюць дзецям прызвычаіцца да распарадку дня ўстановы, вучаць камфортна адчуваць сябе ў дзіцячым калектыве без мамы і таты, спрыяюць развіццю разнастайных навыкаў, расказала метадыст Вілейскага аддзела адукацыі Іна Бабурына.
Акрамя пляцовак, у трох установах працуюць мацярынскія школы, у якіх цэлы дзень знаходзяцца дзеткі, якім яшчэ не споўнілася трох гадоў. Такія школкі працуюць на базе ясляў-сада №5, дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці і Куранецкага дзіцячага садка.