Выхаванцы дзіцячага садка за чатыры гады спецыялізаванай праграмы могуць значна палепшыць зрок, выправіць хібы вачэй ці ўвогуле дамагчыся адмены акуляраў.

Яшчэ адзін вынік працы педагогаў − выдатная падрыхтоўка выпускнікоў садка да школы.

Дзякуючы сістэматызаваным штодзённым заняткам у дзяцей развіваюцца важныя для паспяховай вучобы псіхічныя працэсы:

Адвольная ўвага, памяць, наглядна-вобразнае мысленне, уяўленне. Праз выхаванне дзеці фарміруюць акуратнасць, уседлівасць, а таксама добра развіваюць дробную маторыку падчас разнастайных практыкаванняў.

Як адзначаюць работнікі садка, даль­на­зор­касць і касавокасць – не рэдкія хваробы сярод сучасных дзяцей дашкольнага ўзросту. Але ў апошнія гады ў садок прыходзяць дзеткі з больш складанымі дыягназамі: адслаеннем сятчаткі, апушчэннем верхняга века, іншым. Некаторыя маюць інваліднасць па зроку.

Менавіта для таго, каб дапамагчы дзецям з захворваннямі ці наогул пазбавіцца іх, створаныя спецыялізаваныя садкі. Іх эфектыўнасць мы папрасілі ацаніць загадчыцу аддзела адукацыі, спорту і турызму Мала­дзечанскага рай­вы­кан­кама Іну Драпезу:

− Вядома, існаванне падобных дашкольных устаноў сёння вельмі актуальнае. Праца над стварэннем спецыялізаваных садоў вядзецца, больш таго, плануецца развіццё гэтага напрамку дапамогі дзецям. Плануецца пашырэнне ўжо існуючых дашкольных устаноў, адкрыццё новых.

Выхаванцы спецыялізаванай групы. Калаж Тамары Абрамовіч.

Выхаванцы спецыялізаванай групы. Калаж Тамары Абрамовіч.

Ці варта выбіраць садок каля дома

Цяпер на Маладзечаншчыне існуе адзіная дашкольная ўстанова, дзе разам з групамі агульнага прызначэння ёсць сем спецыялізаваных груп для дзяцей з парушэннямі зроку − гэта гарадскія яслі-сад №32. Тут з дзецьмі працуюць не толькі педагогі, але і медыцынскі персанал.

Пра перавагі гэтай установы адукацыі рас­павяла загадчыца Іна  Крупская:

− Вядома, вы можаце аддаць дзіця і ў звычайны садок каля дома, але такі прынцып выбару дашкольнай установы наўрад ці найлепшы для развіцця вашага сына ці дачкі. Каб аформіць дзіця ў спецыялізаваную групу, бацькам трэба прыкласці шэраг намаганняў. Але вынік таго варты!

Навучальныя праграмы ў нас распрацаваныя з улікам асаблівасцяў зроку і накіраваныя на іх карэкцыю і ліквідацыю праблемы. Як правіла, у такіх групах няшмат выхаванцаў, 7-15 дзяцей, а гэта дазваляе больш увагі ўдзяляць кожнаму.

Як трапіць у спецыялізаваны дзіцячы садок ці групу

У спецгрупу для дзяцей з асаблівасцямі зроку залічваюць крыху па-іншаму, чым у звычайную. Першае, што вам спатрэбіцца, − накіраванне ад доктара. Потым з гэтым накіраваннем і дзіцем варта ісці на псіхолага-медыка-педагагічную камісію.

Яна вынесе заключэнне, ці мэтазгодна наведваць дзіцяці спецыялізаваны садок або групу. Калі вы атрымаеце станоўчае заключэнне, то адпраўляйцеся з ім да загадчыка ўстановы дашкольнай адукацыі.

Гінастыка і іншыя мерапрыемствы дазволяць лепш бачыць. Фота kinderok.ru

Гінастыка і іншыя мерапрыемствы дазволяць лепш бачыць. Фота kinderok.ru

З кожным працуюць асабіста

Яслі-сад №32 адпавядаюць усім патрабаванням для дзяцей з хваробамі вачэй. Ёсць тры асноўныя перавагі менавіта гэтай установы.

  1. Кабінет плеопта-артаптычнага лячэння з адмысловымі апаратамі, якія дапамагаюць палепшыць зрок і выпраўляюць касавокасць.
  2. Доктар-афтальмолаг рэгулярна аглядае дзяцей, удакладняе і прызначае лячэнне, вызначае нагрузку вачэй для кожнага дзіцяці індывідуальна.
  3. У кабінетах для заняткаў групы ўвагу звяртаюць на ўмовы: асвятленне, навучальныя матэрыялы.

Цягам дня выхавальнікі праводзяць гімнастыку для вачэй і пальчыкаў.

Як займаюцца з дзецьмі

У кожнай спецыялізаванай групе працуе настаўнік-дэфектолаг, які займаецца карэкцыяй зрокавага ўспрымання.

Калі ў групу паступаюць дзеці з парушэннем зроку, настаўнік-дэфектолаг старанна вывучае і аналізуе звесткі пра кожнага.

Уважліва гутарыць з бацькамі. Разам з доктарам-афтальмолагам вызначае індывідуальную нагрузку на вочы, сочыць за развіццём зрокавага ўспрымання. Для працы з кожным дзіцем складаюць індывідуальны план работы.

Усё гэта дапамагае дзецям карэктаваць зрок ці цалкам пазбаўляцца ад сваёй праблемы. Як распавядаюць работнікі, некаторыя дзеці прыхо­дзяць у садок у акулярах, а ў школу ідуць ужо з добрым зрокам.

У дапамогу бацькам: спіс спецыялізаваных садкоў рэгіёна