Цяпер праз паштовыя скрыні можна паведамляць інфармацыю пра асоб, якія займаюцца незаконным абаротам алкагольных напояў, аб месцах незаконнага вырабу спіртнога і іншую інфармацыю.

Для гэтага дастаткова апусціць у паштовую скрыню паперу любога фармату без канверта, паштовай маркі. На ёй павінна быць адпаведная інфармацыя.

Пасля вымання лістоў супрацоўнікі пошты ўсе запісы перадаюць у РАУС або паведамляюць інфармацыю па тэлефоне 102.

Пра сябе пісаць нічога не трэба. Усю інфармацыю супрацоўнікі РАУС правераць. Таму просяць паведамляць толькі дакладныя звесткі.

Чатыры інфармацыі не пацвердзіліся

Начальнік штаба Маладзечанскага РАУС Яўген Беркутаў адзначае:

– Падобную акцыю мы ладзілі сёлета ў сакавіку. Усяго паступіла 27 лістоў. Хто дасылаў кавалачак паперы з адрасам, хто вялікія грувасткія лісты з інфармацыяй. Толькі чатыры інфармацыі не пацвердзіліся.

Аднак Яўген Беркутаў заўважае:

 – Магчыма, у лістах была і праўдзівая інфармацыя. Але на момант праверкі людзі маглі схаваць прыстасаванні, прадукты самагонаварэння.

Праз атручэнне самагонам памерла 17 чалавек

Яўген Беркутаў гаворыць, што пасля вясенняй акцыі злачынствы такога кшталту пачалі зніжацца.

Сёлета ў Маладзечанскім раёне было 129 парушэнняў, звязаных з продажам, захаваннем, незаконным абаротам спіртнога. Міліцыя канфіскавала 23 самагонныя апараты, 1234 літры самагону, 85 тон самагоннай брагі.

За дзевяць месяцаў гэтага года ад атручэння алкаголем памерла 17 чалавек. За адпаведны перыяд мінулага года – 23 чалавекі.

 “Нацыя співаецца ў хлам”

Чытач “РГ” Аляксандр Кавецкі расказаў, што калісьці ён быў панятым пры рабоце Мінскага аддзела па ідэалагічнай рабоце. Яго вельмі турбуе праблема алкагалізму:

– Нацыя співаецца ў хлам. Ад спіртнога многія праблемы: бацькі, якіх пазбавілі бацькоўскіх правоў, аварыі. Выйдзіце на вуліцу і паглядзіце, адразу стане зразумелым, колькі співаецца. Калі зловяць усіх самагоншчыкаў, ахвотныя ўсё адно знойдуць бутэльку ў краме.

Чытач Аляксандр Грышкевіч лічыць малаверагодным, што людзі будуць актыўна дасылаць звесткі на тых, хто вырабляе самагон, таму што гэта не ў менталітэце беларусаў.