Каманда Гродзенскай дыяцэзіі ў трэці раз выйграла чэмпіянат па міні-футболе сярод каталіцкіх святароў Беларусі. Адбыўся турнір у Маладзечне 24 лістапада.

У спаборніцтвах бралі ўдзел чатыры каманды. Кожная гульня складаліся з двух таймаў па 12 хвілін.

Галоўная інтрыга чэмпіянату заключалася, бадай, у тым, каб прадугадаць, ці здолеюць каманды скласці годную канкурэнцыю гродзенцам і перарваць іх бяспройгрышную серыю на двух чэмпіянатах запар.

Фота Віталя Палінеўскага.

Фота Віталя Палінеўскага.

Найбольш рэальнымі прэтэндэнтамі на змяшчэнне лідара былі каманды Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і Віцебскай дыяцэзіі, – заваяваць кубак у папярэдніх чэмпіянатах ім перашкаджалі толькі паражэнні ад гродзенцаў.

Аднак каманда з Гродзенскай дыяцэзіі перамагла ва ўсіх матчах: каманду Віцебскай дыяцэзіі – 2:1, каманду Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі – 1:0, а ў трэцім туры разграмілі Пінск – 8:0.
За каманду Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі гуляў таксама Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч.

Фота Віталя Палінеўскага.

Фота Віталя Палінеўскага.

Статыстыка турніру:

Лепшы бамбардзір – кс. Антон Лагуцёнак

Лепшы галкіпер – кс. Юрый Гурскі

Лепшы гулец – кс. Францішак Рудзь

 Святарам не хапае футбольнай падрыхтоўкі

“Асноўная праблема святароў-футбалістаў Беларусі – фактычна поўная адсутнасць базавай футбольнай падрыхтоўкі”, – прызнаўся трэнер футбольнай каманды Гродзенскай дыяцэзіі Яўген Сакалоўскі. Ён трэніруе і зборную Беларусі святароў па міні-футболе. – Свае трэніроўкі мы пачыналі за месяц, больш актыўна займаліся ўжо бліжэй да чэмпіянату. На трэніроўцы адпрацоўваем не толькі тэхніку, але і шмат размаўляем аб стратэгіі. Канешне, гэта не проста, бо не ўсе святары могуць прыехаць на трэніроўку, але я задаволены, што сёння мы згулялі на ўзроўні”.

Фота Віталя Палінеўскага.

Фота Віталя Палінеўскага.

Яўген Сакалоўскі дадаў, што лічыць наяўнасць у камандзе свецкага трэнера плюсам. “Калі каманду трэніруе святар – свой сярод сваіх – у камандзе могуць з’яўляцца любімчыкі, ды й стаўленне да ўсіх можа быць суб’ектыўным. Са свецкім трэнерам такога няма. На сваім прыкладзе магу засведчыць: каманда паважае трэнера як аўтарытэт у футбольнай справе і прыслухоўваецца да яго парадаў”.

Фота Віталя Палінеўскага.

Фота Віталя Палінеўскага.