Ад серады, 26 лістапада, “Рассельгаснагляд” уводзіць забарону на продаж у Расіі мяса яшчэ васьмі беларускіх прадпрыемстваў. Двума днямі раней была аналагічная забарона ў дачыненні да 11 кампаній.

Забараняюць прадукцыю наступных прадпрыемстваў: ААТ «Агракамбінат Скідзельскі», ААТ «Віцебская бройлерная птушкафабрыка», СЗАТ «Сервалюкс Агра», ААТ «Віцебскі мясакамбінат», ААТ «АФПК Жлобінскі мясакамбінат», ААТ «Калінкавіцкі мясакамбінат», ААТ «Рагачоўскі МКК» і ААТ «Птушкафабрыка «Рассвет».

На іх прыпадае амаль увесь аб’ём імпарту мяса ў Расію – каля 400 тысяч тон. Гэта не менш за 300 мільёнаў долараў.

Афіцыйна ведамства патлумачыла, што такія меры прынятыя, бо ў прадукцыі беларускіх кампаній выяўленыя небяспечныя для здароўя мікраарганізмы.

Ад панядзелка забаранілі да рэалізацыі ў Расію прадукцыю Слуцкага мясакамбіната. У кілбасе знайшлі геном вірусу афрыканскай чумы свіней.

Беларускія лабараторыі ў сваю чаргу не знайшлі парушэнняў у прадукцыі мясакамбінатаў.  Пра гэта распавёў журналістам начальнік галоўнага ўпраўлення знешнеэканамічнай дзейнасці Мінсельгаса Беларусі Аляксей Багданаў.

Паводле яго слоў, калі Расія цалкам адмовіцца ад імпарту мяса, Мінск зможа знайсці іншыя рынкі. Прадукцыю пастаўляюць у 56 краін.