Сярод іх Андрэй Давыдаў, Сяргей Ярук, Андрэй Мікульчык, Кацярына Малец, Дзмітры Іваненка, Віктар і Арцём Кружскія, Аляксандра Шыбут, клуб “Адпачынак” Палаца культуры.

Мы паразмаўлялі з Дзмітрыем Іваненкам. Гэта не першы конкурс, у якім удзельнічае маладзечанец. І вось нарэшце яму пашчасціла выйсці ў паўфінал конкурсу “Я магу!”.

Забыўся пра конкурс, добра, што флэшка была ў машыне

Мужчына спрабаваў свае сілы ў конкурсах “Акадэмія талентаў”, “Спяваючыя гарады”, шоу “Народны артыст”. Як толькі мужчына ўбачыў анонс, вырашыў паўдзельнічаць. Аднак асабліва не рыхтаваўся.

– У дзень конкурсу ехаў недалека ад Палаца культуры. Тады і ўзгадаў пра яго. Добра, што флэшка з фанаграмамі была ў машыне, –  усміхаецца Дзмітры. – Праспяваў першую песню, якая была ў спісе на флэшцы. Гэта песня Руслана Аляхно “Зорны дождж”. Спяваў яе да канца. Аднак думаў, што не спадабалася журы.

Спачатку не паверыў вынікам конкурсу

Пра вынікі конкурсу Дзмітры даведаўся ад калегі сваёй жонкі. Жанчына ўдзельнічала ў конкурсе з танцавальнай групай “Гузічкі”. Яна і сказала пра вынікі.

– Я ў гэты дзень прыйшоў з работы, лёг спаць, – расказвае Дзмітры. – Чую скрозь сон нехта штурхае. Расплюшчыў вочы – жонка. Таня мне і расказала пра вынікі. Спачатку не паверыў. У інтэрнэце знайшоў спіс канкурсантаў.

Дзмітры Іваненка з жонкай Таццянай, шасцігадовай дачкой Лізай і двухгадовым сынам Ягорам.

Дзмітры Іваненка з жонкай Таццянай, шасцігадовай дачкой Лізай і двухгадовым сынам Ягорам.

На наступны дзень патэлефанавалі арганізатары конкурсу.

Калі выйграе, грошы аддасць на дабрачыннасць

Напрыклад, на лячэнне цяжкахворага дзіцяці. Жонка Таццяна падтрымлівае яго ў гэтым. Гаворыць, што лёгкіх грошай не бывае.

Мужчына марыць прабіцца на вялікую сцэну. Хоча, каб яго талент пасля конкурсу заўважыў вядомы прадзюсар.

– Хацелася б папрацаваць з Уладзімірам Кубышкіным. Мне выпала шчасце ў мінулым годзе паразмаўляць з ім. Ён сказаў, што ў мяне ёсць усе задаткі, каб трапіць на сцэну, адпаведная знешнасць. Ён працуе ў жанры лірыкі, шансона.

Дзмітры гатовы памяняць сваю манеру выканання, жанр, у якім працуе.

Голас прывёў на працу ў чыгунку

Дзмітры Іваненка расказвае, што амаль усё жыццё быў звязаны з музыкай: удзельнічаў у тэатральнай студыі “Адлюстраванне”, спяваў у Доме культуры чыгуначнікаў.

Аднойчы мужчыну папрасілі паўдзельнічаць у конкурсе па грамадзянскай абароне на турыстычнай базе “Вілія”. Там занялі трэцяе месца. Перамогу адзначалі, і ў гэты час пад’ехаў начальнік лакаматыўнага дэпо. Паразмаўляў з Дзмітрыем і прапанаваў перайсці на працу.

– Першы год выконваў самую брудную працу – мыў калёсныя пары  ад лакаматываў, якія ішлі на рамонт. Затым здаў на разрад слесара па рамонце цеплавоза. Стаў працаваць па гэтай спецыяльнасці. Вучыўся на курсах на памочніка машыніста. Вось ужо чатыры гады працую памочнікам машыніста цеплавоза.

У сям’і Дзмітрыя Іваненкі растуць два маленькія артысты

Летась Дзмітры ўдзельнічаў з дачкой Лізай у конкурсе “Алё, шукаем таленты”.

Цяпер дзяўчынцы шэсць год, яна вучыцца ў музычным класе.

– Нядаўна папрасіла купіць фано. Адарвацца цяпер ад яго не можа. Майму сыну Ягору толькі два гады, – расказвае мужчына. – Але калі бяру яго з сабой на выступленні, стараецца ўзяць у рукі мікрафон. Тады пачынае пець на сваёй дзіцячай мове, танцаваць на сцэне.

У паўфінале – 120 удзельнікаў

Адборачныя туры шоу “Я магу!” праходзілі ў сямі гарадах краіны. У паўфінал выйшла 120 удзельнікаў. Самаму маленькаму з іх было тры гады, самаму сталаму – 86.

Далей у кожным выпуску праекта гледачы могуць аддаваць за кожнага з удзельнікаў свой  голас. Самая таленавітага ўдзельніка чакае галоўны прыз – 100 мільёнаў рублёў.