Хакеісты “Дынама-Маладзечна” ў першым хатнім паядынку пасля турнэ па Гродзенскай вобласці сустракаліся 21 лістапада з “Гомелем”.

І саступілі з лікам 1: 4. У гаспадароў вызначыўся Ілля Казнадзей.

Завяршылі серыю з дзвюх хатніх гульняў дынамаўцы праз два дні перамогай над жлобінскім “Металургам”.

Першы перыяд застаўся за “зубрамі”. Але шайба ўпарта не хацела залятаць у сетку варот. У пачатку другой дваццаціхвілінкі каманды абмяняліся вострымі атакамі. Потым добры шанец вызначыцца быў у Аляксея Скабелкі. Але нападаючы не змог падняць шайбу, каб перакінуць галкіпера гасцей, які ўжо ляжаў на лёдзе.

Не было галоў ні ў трэцім перыядзе, ні ў авертайме.

Затое гледачы сталі сведкамі двух ўзяццяў варот у серыі пасляматчавых кідкоў.

Два адбітыя Паўлам Шэгала буліты, а таксама дакладныя кідкі Станіслава Лапачука і Аляксея Скабелкі прынеслі дынамаўцам мінімальную перамогу над “Металургам”, паведамляе hcdinamo.by.