У справаздачы аб ацэнцы ўздзеяння свінакомплексу ў Мойсічах на навакольнае асяроддзе ён указвае на памылкі ў падліках і недакладнасці. Самой метадалогіі, формулаў, па якіх рабілі ацэнку, не прыведзена. З-за гэтага пераправерыць экспертаў фактычна немагчыма.

Эколаг патлумачыў “РГ” асноўныя недахопы справаздачы пры ўмове ананімнасці.

Грамадскае абмеркаванне праектаў будаўніцтва адбудзецца 1 снежня ў 18:00 у малой зале Маладзечанскага райвыканкама.

З’явілася петыцыя супраць будаўніцтва свінакомплексаў на Маладзечаншчыне

 

Эколаг пралічыў выкіды аміяку па агульнапрынятай у Беларусі методыцы, прапісанай у дапаможніку ў галіне аховы навакольнага асяроддзя і прыродакарыстання 17.08-01-2012. Ён узяў толькі адну крыніцу неарганізаваных выкідаў – гнаясховішча (пад №6034, ст.245-246, “Ацэнка ўздзеяння на навакольнае асяроддзе” свінакомплексу ў Мойсічах).

І ўбачыў, што лічбы выкідаў, прыведзеныя ў праекце, заніжаныя. А такіх крыніц 39, і памылак можа быць нашмат больш. Пытанне: якой методыкай карысталіся праектанты ў справаздачы, калі з’яўляюцца такія разбежкі?

Колькі на самой справе будзе гною?

У ацэнцы прапісана, што за суткі са свінагадоўчага комплексу на 100 тысяч свінняў будзе выдзяляцца 10 тон гною. Гэта значыць, 100 грамаў ад кожнай свінні.

Калі адкрыць расійскія метадычныя рэкамендацыі (рэкамендацыйныя дакументы, метадычныя рэкамендацыі па тэхналагічным праектаванні сістэм выдалення і падрыхтоўкі да выкарыстання гною і памёту ад 1.10.15.02-08) па праектаванні свінакомплексаў, там прадугле­дж­ана, што адна свіння можа даваць да 4,5 кілаграма гною ў дзень.

Адпаведна, максімальная колькасць гною ад такога ж свінакомплексу ў Расіі ў 45 разоў большая і дасягае 450 тон гною ў дзень.

Сцвярджаць, што сапраўдная колькасць гною большая ў 45 разоў, не варта. Ёсць хібнасць, бо ўзяты максімум. Але тое, што з комплексу будзе выдзяляцца 10 тон гною ў дзень, выклікае сумневы.

Тэхналогіі танныя і не сучасныя

На думку эксперта, праект не адпавядае часу. На сучасных свінакомплексах выкарыстоўваюць новыя тэхналогіі ў сферы жывёлагадоўлі. Яны дапамагаюць максімальна зменшыць негатыўнае ўздзеянне на наваколле.

Напрыклад, чаму для кампаставання гною не прадугледжанае праверанае гадамі буртаванне? Калі зверху гной прыкрываюць 20-сантыметровым пластам зямлі ці торфу. У такой схеме ў атмасферу вылучаецца менш забруджвальных рэчываў, а біятэрмічныя працэсы ідуць лепш.

У праекце ж ідзе гаворка, што проста будуць збіраць гной і вывозіць на палі.

Чаму не прадугледжанае будаўніцтва біягазавых установак і метатэнкаў? Дзякуючы ім можна было б атрымаць газ, які мог бы забяспечваць энергіяй свінакомплекс ці дамы.

Праект жа, які падрыхтавалі гомельскія спецыялісты, танны. Тэх­налогіі, што плануюць выкарыстоўваць, састарэлыя. Адпаведна ім уздзеянне нашмат больш негатыўнае, чым магло б быць.

Пра пах ні слова

Маладзечанцы найбольш баяцца, што ў горадзе будзе смярдзець. Аднак смурод ніяк не нармуецца. Няма дакументаў, якія прадугледжвалі б яго абмежаванне. Пазбегнуць жа яго пры такім гіганцкім свінакомплексе і велізарнай колькасці адходаў можна, толькі выкарыстоўваючы сучасныя, але затратныя тэхналогіі.

Чытачка “РГ” з Маладзечна: “З горада хочуць зрабіць свінарнік”

Тым часам у справаздачы не запраектаваныя ніякія мерапрыемствы і сродкі яго змяншэння, якія вядомыя сусветнай практыцы.

Спецыяліст тлумачыць, што, як паказвае практыка, найбольшы смурод з’яўляецца падчас таго, як уносяць гной у глебу і паліваюць палеткі гнаявой жыжай.

Пазбегнуць непрыемных пахаў можна было б, выкарыстоўваючы перапрацоўку чарвякамі цвёрдага гною. Тады б пах не ўзнікаў падчас размеркавання кампосту па палетках. Гэта праектам не прадугледжана.

Комплекс у Мойсічах хочуць пабудаваць у трох кіламетрах ад горада. Да навакольных вёсак адлегласць яшчэ меншая.

У справаздачы прапісана, што вёска Раеўшчына ўваходзіць у санітарна-ахоўную зону комплексу, а гэта недапушчальна. Пра гэта прама гаворыцца ў самой ацэнцы.

Акрамя Раеўшчыны, побач знаходзяцца вёскі Мойсічы, Адамавічы і Рагазы.

Тры месяцы будуць паліваць палі жыжай

Убачыць межы палеткаў, па якіх будуць размяркоўваць гной, немагчыма. У справаздачы гэтага няма, толькі лічбы. 55 гектараў прызначаныя для заворвання цвёрдага гною. Яшчэ 12 гектараў – для паліву гнаявой жыжай.

Спецыялісту цяжка пагадзіцца з прапанаваным у справаздачы спосабам утылізацыі гэтых адходаў.

Эколаг не разумее, якую сельскагаспадарчую культуру можна паліваць два разы ў дзень тры месяцы запар?

А ў расійскай метадычнай рэкамендацыі ўвогуле забараняюць выкарыстоўваць паліў гнаявымі сцёкамі.

Імі раяць угнойваць шматгадовыя травы на лугах і пашах, выкарыстоўваючы агрэгаты, якія забяспечваюць унясенне гною на глыбіню не менш за 17 сантыметраў і выключаюць забруджванне ім паверхні глебы.

На 12 гектараў зямлі будуць штодзень выліваць 12 цыстэрнаў адходаў

Штодзённы аб’ём сцёкаў – 315,4 кубічныя метры. Лічба даецца ў справаздачы.

У адной чыгуначнай цыстэрне можа змяшчацца 60 кубічных метраў сцёкаў. Атрымліваецца, кожны дзень будуць збіраць столькі адходаў, колькі па аб’ёму змесціва пяці цыстэрнаў.

Утрымліваць сцёкі плануюць цягам 210 дзён. За гэты час, калі зноў праводзіць аналогію з цыстэрнамі, іх запоўніцца сцёкамі больш чым 1100. Такі аб’ём адходаў будуць размяркоўваць на 12 гектарах зямлі цягам трох месяцаў. Атрымліваецца, кожны дзень на палі будуць выліваць па 12 цыстэрнаў.

Эксперт раіць загадзя падумаць: дзе ўзяць столькі тэхнікі і рабочых, якія змаглі б забяспечыць працу такой схемы?

Як працуе гіганцкі свінакомплекс на Валожыншчыне

Адступілі ад Тэхнічнага кодэкса

Як заўважае эксперт, у справаздачы не пралічылі выдзяленне забрудж­вальных рэчываў у наваколле падчас унясення гною ў глебу.

Найбольш небяспечныя выдзяленні аміяку і серавадароду. Такія разлікі спецыялісты, што рабілі справаздачу, не правялі.

Гэта адступленне ад патрабаванняў Тэхнічнага кодэкса ўсталяванай практыкі “Правілы разліку выкідаў ад жывёлагадоўчых комплексаў, зверафермаў і птушкафабрык”. Табліца 3-4 ТКП 17.08-11-2008

У праекце ёсць відавочныя памылкі

Для ўтылізацыі вадкіх сцёкаў у справаздачы запраектаваныя лагуны. Аднак на адной старонцы прапісана, што будуць дзве лагуны, а на іншай – тры.

Аб’ём адной – 11 тысяч кубічных метраў. Дзвюх, адпаведна, 22 тысячы.

Далей гаворка ідзе пра калодзеж для палівання бліжэйшых палеткаў. Туды перапампоўваецца вада з лагун. Тут разлікі вядуцца з лічбай 35 тысяч кубічных метраў вадкіх сцёкаў.

Адкуль узялася гэтая лічба, эколагу незразумела.

Спецыяліст лічыць, што аб’ёмы лагун і іх плошча заніжаныя. Адпаведна заніжаная і колькасць забруджвальных рэчываў, якая вылучаецца ў атмасферу.

Ці будуць забруджвацца воды

Не менш людзей хвалюе, ці адаб’ецца свінакомплекс на вадзе.

Як адзначае эколаг, праектаванне інжынернага ўладкавання палеткаў, якое прадухіляла б забруджванне паверхневых і дрэнажных вод, папросту не зробленае.

У справаздачы няма ацэнкі магчымага забруджвання водных аб’ектаў, што побач.

Няма праектных рашэнняў па зборы, каранціраванні, ачыстцы і ўтылізацыі ліўневых і талых вод з выгульных пляцовак і тэрыторыі комплексу.

Хто і для каго рабіў справаздачу

Гэта толькі асноўныя моманты, якія адзначыў эксперт. Яны ляжаць на паверхні. Але і з гэтага вынікае шмат пытанняў па праектаванні будаўніцтва аднаго з самых гіганцкіх свінакомплексаў Беларусі.

Справаздача аб ацэнцы ўздзеяння свінакомплексу ў Мойсічах на наваколле зробленая па заказе кампаніі “Велес-Міт” у Маладзечне. Яна вырабляе мясную прадукцыю для Беларусі і на экспарт.

Справаздачу рабілі гомельскія спецыялісты навукова-вытворчай фірмы “Экалогія”.

Справаздача аб будаўніцтве ў вёсцы Мойсічы.

Справаздача аб будаўніцтве ў вёсцы Соўлава.

Даведка “РГ”.

Вадкая фракцыя гною. З’яўляецца падчас працы сістэм вадкага збору гною на жывёлагадоўчых комплексах.

Метатэнк. Прылада для анаэробнага закісання вадкіх арганічных адходаў з атрыманнем метану.

Сітуацыю са свінакомплексамі на Маладзечаншчыне пракаментаваў райвыканкам

Прайшла экалагічная экспертыза будаўніцтва свінакомплексаў у раёне вёсак Мойсічы і Соўлава

Хто што думае пра магчымыя свінакомплексы каля Маладзечна