Няўдала згуляўшы ў папярэдніх двух турах, “чырвона-чорныя” страцілі ўсе шанцы на трэцяе месца ў выніковай табліцы. Але гарэлі жаданнем адстаяць чацвёртую пазіцыю, каб выканаць мінімальную задачу на сезон.

Матч прайшоў у неспрыяльных умовах надвор’я. У Слоніме і за некалькі дзён да гульні, і ў дзень матчу ішоў снег.  На такім полі футбалістам было вельмі складана гуляць у хуткі і тэхнічны футбол. Тым не менш небяспечных момантаў было дастаткова.

Смаргонскія футбалісты ў першай палове матчу мелі некалькі магчымасцяў для ўзяцця варот, але атакуючых гульцоў зноў і зноў падводзіла рэалізацыя. Праходы Уладзіміра Казко і Аляксея Сквярнюка завяршаліся навесамі ў штрафную гаспадароў, але ў Юрыя Мархеля не атрымлівалася іх давесці да забітага гала.

Адзначу і галкіпера сланімчан Яўгена Мяліка, які часам паказваў цуды варатарскага майстэрства і выратоўваў каманду.

У другім тайме гаспадары дадалі ў атакуючых дзеяннях. Усё часцей сталі турбаваць варатара смаргонскага клуба Радзівона Жука. Яго, дарэчы, потым прызналі лепшым у складзе гасцей у гэтай гульні.

У выніку другі тайм прайшоў у роўнай барацьбе. Але, на жаль, гала гледачы так і не ўбачылі. Нічыя 0:0.

Аднак галоўны пераследавальнік смаргонцаў, клуб “Іслач”, таксама страціў ачкі. Каманда згуляла ўнічыю з мазырскай “Славіяй”. А “Гарадзеі” і “Рэчыцы-2014” сваіх перамог не хапіла, для таго каб абысці “Смаргонь” ў табліцы.

У выніку ФК “Смаргонь” фінішаваў на чацвёртым радку, тым самым выканаў задачу-мінімум на сезон.

Мікалай Рындзюк – другі сярод бамбардзіраў

За апошнія пяць год з кожным сезонам “чырвона-чорныя” ў выніковых табліцах займалі месцы ўсё вышэйныя. У 2010 годзе было 12 месца, у 2011 – 11-е, у 2012 – 10-е, у 2013 – 6-е, а ў 2014 – чацвёртае. Прагрэс – відавочны.

У другі раз запар у тройку лепшых бамбардзіраў сезону трапляе гулец смаргонскага клуба. У мінулым сезоне Сяргей Крот стаў лепшым з 17 забітымі мячамі. У гэтым сезоне Мікалай Рындзюк забіў 18 мячоў і  размясціўся на другім радку.

Сезон 2014 года скончаны. ФК “Смаргонь” дзякуе заўзятарам клуба за падтрымку на працягу ўсяго турніру. За тое, што, нягледзячы на паражэнні, заставаліся з камандай і верылі ў тое, што мы зможам дамагчыся пастаўленай мэты.

Відэагляд гульні ад прэс-службы ФК “Слонім”