Сакрэтамі і жыццёвымі гісторыямі дзеліцца ветэраран ДАІ.

Першыя па-зімоваму халодныя і снежныя дні майстэрні шынамантажу працуюць ва ўзмоцненым рэжыме.

Сёлета Аляксандр Лукашэнка падпісаў Указ аб абавязковым выкарыстанні ад 1 снежня да 1 сакавіка зімовых аўташын. Указ уступае ў сілу ад 16 студзеня.

Несумненна, гэта вынаходніцтва – зімовая гума – надзвычай важнае. Але, на жаль, для многіх вадзіцеляў падрыхтоўка да зімы на “пераабуванні” і заканчваецца.

Зімовыя шыны з’явіліся не так ужо і даўно. А як вадзіцелі выжывалі да гэтага часу? Аўтамабілі ездзілі, і вадзіцелі не чулі пра “дзень бляхара”. Яны разлічвалі на веды.

Факт першы

Надвор’е паскуднае. Дарога слізкая. Пахмурна, бачнасць недастатковая. На стаянку прыхо­дзіць дзяўчына – малады недасведчаны вадзіцель. Садзіцца за руль свайго аўтамабіля і ад’язджае.

Праз некаторы час на аўтастаянцы з’яўляецца яе мама. Таксама прыйшла за сваім аўтамабілем. Маме задаў пытанне: чаму яна дапусціла дачку да кіравання аўтамабілем пры такой складанай абстаноўцы? Тая адказала, што, ацаніўшы абстаноўку, яна сама сказала дачцэ, што будзе больш правільна, калі скарыстацца аўтамабілем. Нямая сцэна.

Факт другі

Зіма, слізкая дарога. Ля скрыжавання вуліц Вялікі Гасцінец і Крынічная ў Маладзечне спыняецца аўтамабіль, каб аказаць сяброўскую паслугу і падвезці пешахода – мяне. За рулём дама.

Аўтамабіль кратаецца з месца і рухаецца да цэнтра горада. На спуску да скрыжавання з вуліцай Гарадоцкай вадзіцелька разагнала машыну і рычаг пераключэння перадач перавяла ў нейтральнае становішча. Гэта, заўважце, на слізкай дарозе і перад скрыжаваннем са святлафорам. Аказваецца, вадзіцель і не чула аб рэкамендацыі пры руху па слізкім дарожным пакрыцці рухацца з уключанай перадачай і прымяняць тармажэнне адначасова з дапамогай тармазной сістэмы і рухавіка.

Калі не даглядаць машыну зімой, далёка яна вас на завязе. Фота mygazeta.com.

Калі не даглядаць машыну зімой, далёка яна вас на завязе. Фота mygazeta.com.

Факт трэці. Казус

На вуліцы мароз. Кіроўца прыходзіць на ахоўную стаянку. Акумулятар благі. Рухавік запусціць не атрымалася. Ён сыходзіць і вяртаецца ўжо з трактарам “Беларусь”. Трактарыст бярэ аўтамабіль на буксір. І цягне яго па вуліцы Дудко насупраць будынка ДАІ. Вадзіцель уключае нізкую перадачу і стараецца запусціць рухавік.

Аднак на слізкай паверхні колы не пракручваюцца, рухавік не заводзіцца. Аўтамабіль пачынае насіць з боку ў бок. Акрамя таго, што на буксіры, механічныя пашкоджанні атрымалі яшчэ два аўто, якія стаялі паўзбок. Казаць аб кампенсацыі матэрыяльнай шкоды праз страхоўку не даводзіцца: пры буксіроўцы на счэпцы ДТЗ не з’яўляецца страхавым выпадкам.

Цяпер вадзіцелі мала ўвагі надаюць падрыхтоўцы аўтамабіля да эксплуатацыі зімой. Дарэчы, сіноптыкі папярэджваюць значнае паніжэнне тэмпературы ў студзені і лютым 2015 года.

Заўсёды лічыцца неабходным прамыўка паліўных бакаў, абслугоўванне паліўнай сістэмы і запальвання. Праводзіцца праверка на адначасовае спрацоўванне тармазной сістэмы ўсіх колаў, спраўнасць ABS  і іншых сістэм, якія са­дзейнічаюць бяспецы руху. Мяняецца пры неабходнасці на адпаведную маторную аліву. Правяраецца тэмпература замярзання ахала­джальнай вадкасці. Заліваецца адпаведная вадкасць у бачок шклоачышчальніка і г.д.

Асаблівую ўвагу трэба надаць пераходу на зімовае дызельнае паліва.

Маленькія сакрэты ад Мумрыкава

Як праверыць якасць зімовага паліва.

Пры запраўцы на АЗС вазьміце асобна ў посуд крыху паліва і пастаўце ў маразілку. Пакладзіце градуснік, ён пакажа дапушчальную тэмпературу.

На стаянцы не пакідайце аўто пры зацягнутым ручным тормазе. Мокрыя дэталі тармазной сістэмы могуць прымерзнуць адна да адной, і колы перастануць пракручвацца.

Што рабіць, каб быць спакойным?

На жаль, цяпер няма ніводнай аўтанавучальнай установы, дзе б можна было дадаткова прайсці навучанне па ваджэнні аўтамабіля пасля перапынку або па асаблівасцях ваджэння ў зімовых умовах.

Калі хочаце спакойна ад’ездзіць усю зіму, то адказна пастаўцеся да падрыхтоўкі самога аўтамабіля.

Добрай вам дарогі!

Як маладзечанцы закупляюць у Расіі машыны і тэхніку