Мінгарвыканкам зарэгістраваў курсы “Мова Нанова” як “сацыяльна-культурную ўстанову развіцця беларускай мовы і культуры”. Адпаведнае пасведчанне было выдадзена 27 лістапада.

Выкладчык мінскіх курсаў Глеб Лабадзенка кажа, што “мы імкнуліся да гэтага, бо курсы імкліва развіваюцца — і для нас важна дзейнічаць легальна”. Паводле яго слоў, за два месяцы выдадзеныя больш за 970 студэнцкіх у гарадах, дзе адбываюцца курсы. Рэгістрацыя дазволіць іх праводзіць афіцыйна. “Раней гэта былі фактычна “гурткі па інтарэсах”, якія нічога не парушалі і нікому не шкодзілі, але ж не мелі ніякага статусу”, — адзначае Лабадзенка.

Паводле статута, “Мова Нанова” мае права займацца “адукацыяй для дарослых”, “пазашкольным выхаваннем і навучаннем”, займацца” дзейнасцю ў галіне мастацкай творчасці”, а таксама праводзіць трэнінгі, майстар-класы і семінары для папулярызацыі беларускай мовы і культуры. У статуце пазначана, што галоўнай задачай “Мовы Нанова” з’яўляецца “пашырэнне ўжывання беларускай мовы ў штодзённым жыцці рознымі групамі насельніцтва”.

Бясплатныя курсы беларускай мовы “Мова Нанова” распачалі сваю дзейнасць у студзені 2014 года ў Мінску. Цяпер курсы дзейнічаюць у 8 гарадах Беларусі, а ў сталіцы адкрыліся дадатковыя курсы для дзяцей дашкольнага веку.

У Маладзечне курсы “Мова нанова” вядуць карэспандэнткі “РГ” Наталля Тур і Настасся Роўда ад мая. Заняткі праходзяць кожны аўторак у кавярні “Накат” у гандлёвым цэнтры “Тройка”. Пачатак у 18:30.

“Мова Нанова” ў Маладзечне: “Я на ўсё гатовая”, “Жопля кралю” і “Фанты каралю!”

“Мова Нанова-Маладзечна” распачынае новы сезон. У новым месцы (Відэа)

Першыя заняткі “Мовы Нанова” ў Маладзечне сабралі 60 чалавек (Фотагалерэя, дадалося відэа)