Раўнінны ўчастак плошчай 9,5 гектара, які абралі для будаўніцтва бальніцы, размешчаны ў лясным масіве ўсходняй часткі горада. Побач працякае рака Лоша. Калі цалкам рэалізуецца праект горада атамшчыкаў, новая раённая бальніца практычна апынецца ў яго цэнтры. Побач будуць пабудаваны хлебазавод і малаказавод.

Генеральны план цэнтральнай раённай бальніцы ў Астраўцы распрацаваны згодна з генпланам горада энергетыкаў і з улікам таго, што колькасць жыхароў райцэнтра ў перспектыве павялічыцца да 60 тысяч чалавек.

Галоўны лячэбны корпус бальнічнага комплексу нагадвае лісцік канюшыны. Усе корпусы выбудаваныя так, што медыцынскаму персаналу не трэба будзе марнаваць каштоўны час на пераходы. Пабудуюць падземныя пераходы для дастаўкі ежы з харчаблока ў корпусы. Асобна выдзелены інфекцыйны корпус і станцыя хуткай медыцынскай дапамогі.

Чым яшчэ цікавы праект галоўнай клінікі астравецкіх атамшчыкаў? Яго вонкавым абліччам: лаканічныя прастакутныя рознавысокія аб’ёмы, падкрэсленыя дэкаратыўнымі паясамі і прыбранымі шклянымі ўстаўкамі фасадных вітражоў, масіўны казырок галоўнага ўваходу ў адміністрацыйны корпус.

Персанал клінікі складзе 791 чалавек паводле штатнага раскладу. Размяшчэнне пацыентаў аддзяленняў прадугледжана ў палатах блокавага тыпу. Па просьбе адміністрацыі Астравецкай раённай бальніцы праекціроўшчыкі прадугледзелі памяшканне для музея клінікі, адной з найстарэйшых на Гродзеншчыне.

Вясной будаўнікі пачнуць да ўзвядзення з маналіту корпуса №3. Тым часам праекціроўшчыкі інстытута “Гроднаграмадзянпраект” пастараюцца забяспечыць іх працай на іншых аб’ектах клінікі.