У вёсках Яршэвічы і Манькаўшчына пачало працаваць аўтамабільнае паштовае аддзяленне № 1.

Намеснік начальніка раённага вузла паштовай сувязі Людміла Шаўрэй гаворыць, што перасоўныя аддзяленні паштовай сувязі – гэта новая сучасная форма абслугоўвання, якая прымяняецца для павышэння эфектыўнасці дзейнасці прадпрыемства і мінімізацыі затрат.

“Пошта на калёсах” з’яўляецца альтэрнатывай тым аддзяленням паштовай сувязі, якія зачынілі з-за нерэнтабельнасці і зніжэння колькасці насельніцтва. Спецыялізаваная машына забяспечаная аўтаномнай крыніцай электрасілкавання, аргтэхнікай, паштова-касавым тэрміналам. Яна можа аказваць увесь пералік паштовых паслуг: ад прыёму і дастаўкі адпраўленняў – у тым ліку электронныя грашовыя пераводы, адпраўленні паскоранай пошты, афармленні падпіскі, продаж тавараў – да фінансавых аперацый: прыёму аплаты камунальных паслуг, тэлефаніі і Інтэрнэта, пагашэння крэдытаў. Пры гэтым, прыём плацяжоў ажыццяўляецца ў рэжыме рэальнага часу.

Цяпер вяскоўцам няма патрэбы за некалькі кіламетраў ехаць у паштовае аддзяленне ці чакаць прыходу паштальёна. Кожны дзень, акрамя выхадных, машына прыязджае на прызначае месца, дзе працуе гадзіну-паўтары, у залежнасці ад колькасці кліентаў.