У фотарэпартажы – тое, чым жыве пераднавагодняя еўрапейская сталіца, і назіранні за ўкладам жыцця берлінцаў адной неспакушанай журналісткі з Маладзечна.

Фотагалерэя месціцца справа ўверсе. Каб павялічыць фотаздымак, націсніце на яго.

Кажуць, што нідзе надыход Новага года не адчуваецца так востра, як на вуліцах еўрапейскіх гарадоў.

Там быццам ажывае пераднавагодняя казка: ёлкі ў рознакаляровых упрыгожаннях, шмат агеньчыкаў, навагоднія званочкі, пах лакрыцы і глінтвейна… І еўрапейцы ў смешных шапачках і шаліках са скандынаўскімі аленямі.

Берлін пачаў рыхтавацца да Новага года да першага снежня. Яшчэ напрыканцы лістапада можна было ўбачыць, як у крамах і кавярнях развешваюць гірлянды, усталёўваюць ёлкі.

Але гэта днём. З надыходам цемры горад загараецца мільёнамі агеньчыкаў.

Маршрут аднаго з трамваяў Берліна праходзіць акурат праз калядны кірмаш.

Трамвай вырульвае з-за павароту і складаецца адчуванне, што ён вязе цябе ў казку.

І тут не магу не расказаць пра сваё першае назіранне за пунктуальнымі берлінцамі.

У адзін з вечароў мы стаялі на прыпынку трамвая. На табло, што ўсталяваныя на кожным трамвайным прыпынку, указаны час, праз які павінен прыйсці трамвай.

Дык вось. Да прыходу нашага трамвая заставалася дзевяць хвілін. Здавалася б, усяго дзевяць. Але берлінца, які быў на прыпынку разам з намі, гэты факт проста абурыў:

– Што значыць дзевяць хвілін? Гэта недапушчальна ў вячэрні час у Берліне. Трамвай павінен хадзіць максімум праз тры-чатыры хвіліны!

Эх, разбэшчаныя еўрапейцы! Не стаялі яны на прыпынку, калі спачатку чакаеш транспарт гадзіну, а потым ён прыходзіць такі запоўнены, што ты застаешся на прыпынку яшчэ на гадзіну, каб ушчаміцца хоць на апошнюю прыступачку.

Але вернемся да кірмашоў. Яны ў Берліне паўсюль. Мясцовыя газеты друкуюць месца іх размяшчэння, час працы і схему праезду да іх.

Купіць на кірмашах вам прапануюць і прысмакі, і ўтульныя рукавічкі, і шалікі, і ўпрыгожванні.

Ад прысмакаў можна захлынуцца слінай. Тут і вэнджаныя кілбасы, і мяса, і шакалад. Шакалад, праўда, адкусваць шкада, таму што ён прадаецца ў форме і машынак, і домікаў, і слясарных інструментаў.

І, быццам спецыяльна для беларусаў, у форме… трактара, які вельмі нагадвае знаёмы нам усім сродак перамяшчэння.  

У краме, дзе прадаюць шарыкі на ёлку, фатаграфаваць забаронена. Але выбар тут, паверце на слова, вялізны. Усе шарыкі шкляныя, прыгожыя. Праўда, і каштуюць нятанна.

Адзін шкляны сувенір з Берліна абыдзецца вашаму кашальку ў 10 еўра. 

А замерзнуць і прагаладацца не дазволіць безліч крамак, у якіх вам прапануюць і фірменныя берлінскія сасіскі, і салодкія вафлі, і, вядома, глінтвейн. Ну, і куды ж без нямецкага піва.

Глінтвейн і піва прапануюць у пластмасавых кубачках. Кухаль піва каштуе тры еўра. Але з вас возьмуць пяць. Не хвалюйцеся, гэта не падман турыстаў. Калі вы вернеце ў краму кубачак, 2 еўра вам аддадуць. Такі вось залог.

Дарэчы, і з каляскамі ў супермаркетах тое ж самае. Кідаеш манетку, каляска адшпільваецца ад астатніх. Вяртаеш назад, манетка выпадае табе ў руку.

Пластыкавыя бутэлькі тут не выкідаюць. Вяртаеш яе ў магазін – атрымай 8 еўрацэнтаў.

Але вяртаемся да перадсвяточнага Берліна. Тут жа на кірмашы працуе і каток. Пакоўзаўшыся на каньках, адпачыць можна побач. Ля катка стаяць вялізныя бочкі, у якіх гарыць агонь, вакол іх прымацаваныя лавачкі і столікі. Грэй рукі ля вогнішча, пі смачны глінтвейн і адчувай сябе часткай ці нават цэнтрам усяго гэтага навагодняга карагода.

Калі галава ад прыгажосці яшчэ не моцна закружылася, гэта паправяць каруселі.

Пакатацца на коніку, які скача па крузе, будзе каштаваць 2 еўра.

Але калі вы аматар начнога жыцця, вымушана вас расчараваць.

Акурат у 22.00 усё замірае да наступнага дня.

Прадаўцы закрываюць свае кіёскі, тухне святло на атракцыёнах, сціхае музыка. Дысцыплінаваныя берлінцы і госці горада разыходзяцца па дамах.

Але ўжо заўтра навагодні настрой зноў вернецца на гэтыя вуліцы.