Калі цяпер вас заўважаць за перавозам ці разбіраннем капытных (казулі, дзіка, аленя, лася), гэта будзе падставай для ўзбуджэння крымінальнай справы.
Ад лістапада ўступілі ў сілу новыя рэдакцыі артыкулаў Крымінальнага кодэкса.
З’явіўся дадатковы артыкул, які прадугледжвае санкцыі за незаконны перавоз ці разбіранне дзікіх жывёл. У іх лік уваходзяць загінулыя, а таксама часткі. Для прыцягнення абавязковая дадатковая акалічнасць: калі жывёліна адносіцца да ахоўных відаў ці калі затрымаюць на асабліва ахоўнай ці радыяцыйнай тэрыторыі. Акалічнасцю можа быць буйны памер шкоды ці паўторнасць парушэння.
Прабел у заканадаўстве дагэтуль даваў магчымасць юркім браканьерам сыходзіць ад поўнай адказнасці. Калі іх затрымлівалі са здабычай, яны сцвярджалі, што мяса знайшлі ў лесе, і адмаўлялі, што палявалі незаконна.
Раней за “знойдзенае ў лесе” мяса можна было атрымаць штраф да 30 базавых велічынь (4 мільёны 500 рублёў), а цяпер пагражае да трох год пазбаўлення волі.
Рыбак не можа лавіць больш за 5 кілаграмаў рыбы за дзень. Фота geo-fish.ru.
Для рыбаловаў таксама ўзмацнілі адказнасць
За здабычу рыбы электраўстаноўкамі, ультрагукам, выбуховымі рэчывамі ў асабліва буйным памеры ўводзяць яшчэ і штраф. Вырас мінімальны парог штрафу за незаконную здабычу рыбы. Цяпер за гэта можна атрымаць ад 20 да 50 базавых, а раней ад 10. Выключылі такую мяккую форму ўздзеяння на парушальніка, як папярэджанне.
Асобнае пакаранне прадугледзелі за знаходжанне ў рыбалоўных угоддзях і на прылеглых тэрыторыях да аднаго кіламетра ад берага з забароненай зброяй рыбалоўства. А таксама з рыбай, лоўля якой забароненая ці вага перавышае норму, а чалавек не мае дакументаў, якія б пацвердзілі законнасць здабычы.
Нагадваем, што за суткі адзін рыбалоў можа налавіць да 5 кілаграмаў рыбы.
Такая мера дазволіць пакараць браканьераў, якія распавядаюць, нібы купілі рыбу ў іншых.
Папраўкі павысілі планку буйной і асабліва буйной шкоды. Цяпер буйной лічаць суму ад 100 базавых (раней − ад 40). Шкоду ад 250 базавых цяпер лічаць асабліва буйнай (раней − ад 10 базавых).